Андрэй Кабякоў наведаў падатковую інспекцыю Заводскага раёна Мінска

18 января 2018

Кампаніі Google, Amazon і Net-flix сталі на падатковы ўлік у Беларусі для аплаты ПДВ на электронныя паслугі. Так званы падатак на Google спаганяецца з гэтага года. Пра гэта распавёў сёння кіраўнік ведамства Сяргей Налівайка прэм'еру Андрэю Кабякову падчас наведвання падатковай інспекцыі па Заводскім раёне Мінска. У гэты пералік неўзабаве плануе ўвайсці і Uber. Першыя плацяжы ў бюджэт ад замежных кампаній будуць у красавіку. Атрымаць за год разлічваюць каля 4 мільёнаў долараў. Упэўнены яны ў росце самазанятых. Згодна з прынятым указам, працаваць без рэгістрацыі ІП - за адзіны падатак. Новыя правілы пачалі дзейнічаць ужо з лістапада.

Сёння прэм'еру распавялі і пра новыя метады працы з плацельшчыкамі. Час чакання і абслугоўвання скарочаны да 5 хвілін, у дапамогу электронная чарга і няма прывязкі інспектараў да суб'ектаў гаспадарання. Тым самым спыняецца карупцыя. Па краіне такіх цэнтраў абслугоўвання 11. За гэты год з'явіцца столькі ж, напрыклад, у Оршы, Бабруйску і Барысаве.