Андрэй Кабякоў: Беларусь і Кітай паступова пераходзяць ад крэдытнага супрацоўніцтва да інвестыцыйнага

28 мая 2018

Прадметная размова, як Беларусь і Кітай могуць нарасціць гандлёва-эканамічныя сувязі, адбылася ў Доме ўрада. У апошнія гады атрымалася змяніць структуру беларускага экспарту, павялічыўшы лінейку тавараў. Па выніках 2017 года, гандаль з Кітаем перавысіў 3 млрд долараў. Каб лічбы памножыць, неабходна актыўней задзейнічаць кантэйнерныя чыгуначныя маршруты, упэўнены прэм'ер-міністр. Па меркаванні Андрэя Кабякова, гэта стане сумесным укладам у развіццё гандлю па маршруце "Адзін пояс і адзін шлях". За мінулыя пяць гадоў краіны дасягнулі новага ўзроўню двухбаковых адносін.

Андрэй Кабякоў, прэм'ер-міністр Беларусі: "Індустрыяльны парк "Вялікі камень", які ў 2013 годзе існаваў толькі на паперы, ператварыўся ў сапраўдную жамчужыну эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Беларусь і Кітай сёння паступова пераходзяць ад крэдытнага супрацоўніцтва да інвестыцыйнага. У сферы інвестыцый ёсць шэраг праектаў, рэалізацыю якіх неабходна паскорыць, каб пачаць працаваць па новых кірунках".

Ван Цішань, намеснік старшыні КНР: "Старшыня КНР Сі Цзіньпін надае вялікае значэнне дружбе паміж Кітаем і Беларуссю. Менавіта ён рэкамендаваў выбраць вашу краіну для майго першага замежнага афіцыйнага візіту на гэтай пасадзе. Упэўнены, усе нашы дамоўленасці абавязкова будуць рэалізаваныя".

Імпульс двухбаковаму супрацоўніцтву, упэўненыя ва ўрадзе, павінна надаць наш удзел у Кітайскай міжнароднай выставе імпарту - яна пройдзе ў Шанхаі ў лістападзе. Беларусь будзе прадстаўлена ў нацыянальнай і галіновай экспазіцыях. Зрабіць дружбу паміж народамі больш трывалай павінны і тэматычныя гады. Так, гэты аб’яўлены Годам турызму Беларусі ў Кітаі. 2019-ты наша краіна прапаноўвае зрабіць Годам адукацыі.