Анатоль Сівак: у Беларусі не супраць прыходу лаўкостаў

6 марта 2017

Павышэння тарыфаў на пасажырскія перавозкі сёлета не плануецца. Пра гэта сёння заявіў міністр транспарту і камунікацый на прэс-канферэнцыі, прысвечанай развіццю беларускіх дарог.

Паводле слоў Анатоля Сівака, другая МКАД застанецца бясплатнай, а на першай кальцавой з'явяцца спецыяльныя знакі, якія будуць адпраўляць транзітны транспарт на другую дарогу. Летась па МКАД-2 праходзіла да 4 000 машын за суткі, і калі гэтая лічба дасягне 10 000, то размова пойдзе аб планаванні на 4 паласы. Змены закрануць і чыгунку.

Анатоль Сівак, Міністр транспарту і камунікацый Беларусі: "Беларускія чыгуначнікі павінны скончыць работы ў вільнюскім кірунку. Гэта значыць электрыфікацыя. Яны працэс электрыфікацыі не спыняюць, ён працягваецца і будзе скончаны сёлета. У гэтым жа годзе, наколькі мне вядома, прыбудуць каля 16 электравозаў".

Гаварылі сёння і пра паветраны транспарт. Як адзначыў міністр, у Беларусі не супраць прыходу лаўкостаў. Сёння па бюджэтным прынцыпе працуе маршрут Мінск - Жукоўскі, ёсць гатовасць і ў будучыні весці дыялог з кампаніямі, якія хацелі б адкрыць новыя маршруты.