Аляксандр Лукашэнка наведвае арганізацыі групы кампаній "Сервалюкс"

3 апреля 2020
Пасяўная кампанія і развіццё сельгасвытворчасці Мінскай вобласці - галоўныя тэмы рабочай паездкі Прэзідэнта ў Смалявіцкі раён. Аляксандр Лукашэнка сёння наведвае арганізацыі групы кампаній "Сервалюкс" - малочна-таварную ферму, дзе знаёміцца з сучаснай тэхналогіяй вырошчвання і ўтрымання буйной рагатай жывёлы,  а таксама прадпрыемства па вытворчасці паўфабрыкатаў мяса птушкі.

"Сервалюкс" - адзін з найбуйнейшых вытворцаў сельгаспрадукцыі ў Беларусі, у яго ёсць племянная птушкагадоўля, выпускаюць і камбікорм, шырокая гандлёвая сетка і лізінгавая кампанія. На малочна-таварнай ферме "Мглё", якая ў складзе групы кампаній, абмеркавалі і вясновыя палявыя работы. Прэзідэнт адзначыў, што ў цяперашніх умовах надвор’я, калі глеба сухая, трэба сеяць больш актыўна. Што да сельгаскультур, то трэба павялічыць плошчы пад грэчку, каб нарасціць яе вытворчасць. Раней Беларусь закрывала ўласную патрэбнасць прыкладна напалову. Астатняе імпартавалі з Расіі. Аднак апошнім часам з'явіліся пэўныя цяжкасці з пастаўкамі. З гэтым і звязана даручэнне Прэзідэнта.

Галоўнае - эфектыўнасць вытворчасці, колькі ўдалося зарабіць у казну, а не колькасныя паказчыкі. Гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, гаворачы аб крытэрыях ацэнкі працы кіраўнікоў раёнаў. Прыватнікаў жа Прэзідэнт заклікае клапаціцца  аб людзях і дапамагаць у  развіцці сельскіх населеных пунктаў, ля якіх знаходзіцца іх вытворчасць, а не проста выкарыстоўваць актывы і атрымліваць выгаду.