Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую ацэнку работы Ашчадбанка ў Беларусі

16 июля 2019

Беларуска-расійскія адносіны  ў фінансавай сферы Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў сёння з Германам Грэфам, які ўзначальвае Ашчадбанк. Нагадаем, у нашай краіне ўжо 10 гадоў працуе даччыная кампанія банка. Але ўсё ж падставай для візіту ў Мінск старшыні  праўлення расійскай фінансавай структуры стаў удзел у карпаратыўных спаборніцтвах. У гэтыя дні беларуская сталіца прымае міжнародную Ашчадбанкіяду, якая сабрала каля  2 тысяч атлетаў і балельшчыкаў з 17 краін. Усе яны - супрацоўнікі банка і спартсмены-аматары. У праграме - спаборніцтвы па 12 дысцыплінах (ад моднага кросфіта да класічнай лёгкай атлетыкі).

Аляксандр Лукашэнка і Герман Грэф праводзяць сустрэчы рэгулярна. Працу банка ў нашай краіне Прэзідэнт ацэньвае станоўча. На рынку Беларусі гэтая фінансавая структура  важны гулец і адзін з найбуйнейшых замежных інвестараў. Зараз банк робіць стаўку на развіццё высокіх тэхналогій у нашай краіне.

Ашчадбанк сёння - адзін з лідараў развіцця штучнага інтэлекту на расійскім рынку. У высокія тэхналогіі штогод інвестуюць каля  3 мільярдаў долараў. У цэлым жа гэта найбуйнейшы банк Расіі. Яго паслугамі карыстаюцца 110 мільёнаў расіян і яшчэ 11 мільёнаў  замежных кліентаў. Работа фінансавай структуры такога ўзроўню ў Беларусі - добрае пацвярджэнне прывабнасці краіны для замежнага капіталу.