Актуальныя пытанні аграрнай сферы абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці

29 Кастрычніка 2019
Сёлетняя  восень доўга радавала беларусаў цёплым надвор'ем, але ў найбліжэйшыя дні  прыкметна пахаладнее. І гэта сігнал для аграрыяў - паскорыцца! Аб тым, што нельга расслабляцца на фінішы сельгасработ,  нагадаў сёння і Прэзідэнт  падчас размовы  аб завяршэнні ўборачнай  кампаніі. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу - да 7 лістапада скончыць уборку і большасць асенне-палявых работ. На парадку дня былі асноўныя пытанні сельскай гаспадаркі.

Такім чынам, што пакладзём у засекі па выніках сезона-2019? Намалочана больш  як 7 мільёнаў 700  тысяч тон збожжа. Плюс кукуруза. Уборка культуры - цалкам яшчэ не завершаная.

На фінішы збор гародніны. З бульбай ужо справіліся. Ураджай другога хлеба  сёлета радуе - больш чым летась. Прыкметна падрасла і ўраджайнасць - амаль на 50  цэнтнераў больш узялі з кожнага гектара. 

І гэта вельмі дарэчы. Бо попыт на бульбу ёсць, ды і цана на рынку прыстойная.

Адной з апошніх  з палёў вывозяць цукровыя буракі.  Апрацавана амаль 80 %  плошчаў. Калі гаварыць у лічбах, то на сёння  гэта амаль 4 мільёны тон.

Ну а як гэта выглядае  з фінансавага пункта погляду? 

Экспарт сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання  сёлета  ўжо прынёс краіне 3,5 мільярда долараў. Асноўны драйвер росту - малочная прадукцыя. Яе пастаўкі перавысілі 2 мільярды долараў. Геаграфія экспарту пашыраецца. У нас 13 новых рынкаў збыту - у іх ліку  Кот-д'Івуар, Бенін, Тайланд. Гандляваць сёння  не проста.  Але аграрыі не страчваюць надзеі  па выніках года зарабіць, як і планавалі, больш за 5,5 мільярдаў долараў.

На сустрэчы ў Прэзідэнта таксама закранулі тэму экспарту. У прыватнасці,  як выконваюцца даручэнні па нарошчванні і дыверсіфікаванні продажаў. І шматлікае  залежыць ад знешняй кан'юнктуры.  Пры гэтым  вялікую ролю адыгрываюць і намаганні тых, хто працуе ў АПК.  Вераніка Бута - падрабязней. 

Складана сабе нават уявіць, але тут, на першай Мінскай птушкафабрыцы,  кожны дзень выпускаюць да 2 мільёнаў курыных яйкаў. І гэта яшчэ нават не рэкорд. На прадпрыемстве рыхтуюцца да так званага гарачага  сезона: практыка паказвае: бліжэй да зімы гэты прадукт у найбольшым попыце. Павялічыць аб'ёмы гатовыя: тут асаблівую ўвагу надаюць тэхналогіям і якасці камбікормаў, дзе адным з самых незаменных элементаў называюць  кукурузу. Яе зерне  - нумар адзін па энергетычнай каштоўнасці, і бонус да таварнага выгляду - жаўток у такім яйку будзе значна ярчэйшы. 

Сяргей Паўлюкоўскі, галоўны аграном аддзялення "Астрашыцкі Гарадок" ААТ "Першая мінская птушкафабрыка": "Дадаючы ў рацыён зерне  кукурузы,  атрымліваем вельмі пажыўны і каларыйны корм. Плюс, калі курыца гэта ўжывае, то жаўток яйка атрымліваецца больш цёмным. Таму што там утрымоўваецца шмат караціну. Сёлета ўраджайнасць была 70 %. А максімальная ўраджайнасць на палях дасягала 150 цэнтнераў".

Сёлета з палёў Мінскай птушкафабрыкі,  а значную частку кармоў  тут вырошчваюць  самастойна, разлічваюць атрымаць больш за 20 тысяч тон кукурузнага збожжа. У цэлым сталічны рэгіён па ўраджайнасці трымае планку вышэй за рэспубліканскі. Гэта ў сярэднім 85 цэнтнераў з гектара. Увесь аб'ём сабраных і абмалочаных залатых катахаў ужо перавысіў 340 тысяч тон. З дня на дзень тут работы  завершаць, добра што  надвор'е пакуль дазваляе. 

Ад таго, як пройдзе ўборачная кампанія, залежыць харчовая бяспека краіны. Сёлета рэспубліканскі каравай завесіў  больш чым 7,5 мільёна тон. Аднак уборачная  - гэта не толькі ўраджай каласавых у жніўні. У засекі  яшчэ трэба пакласці ўсю гародніну. Гэта мільёны тон. Плюс падрыхтаваць землі да наступнага сезона і нарыхтаваць кармы для жывёл. І пакуль надвор'е спрыяе аграрыям, важна не ўпусціць час.

Уборачная кампанія на асабістым кантролі Прэзідэнта

Менавіта на час робіць акцэнт сёння Кіраўнік дзяржавы, заслухаўшы даклад аб завяршэнні ўборачнай кампаніі. І небеспадстаўна. Восеньскія работы Аляксандр Лукашэнка ўжо які год трымае на асабістым кантролі. І рэгулярна сам ацэньвае ход жніва і з зямлі, і з паветра. Днямі такую незапланаваную інспекцыю (каб без паказной гаспадарлівасці, якую часта ўсё ж імкнуцца прадэманстраваць Кіраўніку дзяржавы) Прэзідэнт правёў на палях Міншчыны. Усе выхадныя там работы не вяліся, а надвор'е, як мы ведаем, дама капрызная. І характар свой паказвала ўжо не раз. На жаль, на памылках не вучымся.

Прэзідэнт: завяршыць працу на палях да 7 лістапада

Палявыя работы адкладаў не церпяць. Менавіта таму пасля вялікай нарады па наркотыках Кіраўнік дзяржавы ўсё ж просіць губернатараў і асобных членаў урада затрымацца. На наступным тыдні анансуе Прэзідэнт і важную камандзіроўку на Блізкі Усход. Яго вяртанне на радзіму - дэдлайн для завяршэння асноўных палявых работ. Ужо ўбралі рапс, льнотрасту, завяршылася сяўба азімых. Засталіся кукуруза, бульба і цукровы бурак. 

У СВК "Свіслач" гэты караняплод адна са стратэгічных культур. Падабралі высокапрадукцыйныя сарты, вызначылі ўрадлівыя палі, як вынік адна з самых высокіх ураджайнасцяў у краіне. Вырошчвванне і ўборка строга ў агранамічныя тэрміны. 

І, вядома, дадатковыя грошы ад перапрацоўшчыка. Ураджай цукровых буракоў з 9 раёнаў Гродзенскай вобласці звозяць на Скідальскі цукровы камбінат. Грузавікі з караняплодам тут пачалі прымаць у пачатку верасня. Складзіруюць на цэнтральнай нарыхтоўчай пляцоўцы, каб не ствараць чэрг на разгрузку, распрацавалі спецыяльны графік паставак. 

Цукровыя камбінаты сыравінай забяспечаць. Наступнае пытанне - дзе прадаваць канчатковы прадукт. Раней Аляксандр Лукашэнка ўжо даручаў ураду: вытворчасць не павінна ісці паралельна экспарту, рынкі збыту трэба прапрацоўваць дэталёва. І глядзець па баках. Сітуацыя ў суседзяў часта можа быць на руку нашым аграрыям. Таму Прэзідэнт патрабуе ўважліва аднесціся да кожнай культуры  асобна і ў гонцы за прыбыткам сачыць за цэнамі на ўнутраным рынку.

Так, цэны на грэцкія крупы ў Расіі ўжо папаўзлі ўверх,  гэта яшчэ не мяжа, анансуюць пастаўшчыкі. Такая сітуацыя з-за рэкордна нізкага ўраджаю за апошнія пяць гадоў. 

У беларускім урадзе запэўніваюць, што на прылаўках нашых магазінаў на гэтым фоне рэзкіх павышэнняў не адбудзецца. Зможам і суседзям дапамагчы, і сваю стабільнасць не парушыць. 

Уладзімір Дворнік, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "У Беларусі ёсць той запас дзяржзаказу, які мы сёлета зрабілі, рэшткі мінулага года. Дзяржава будзе трымаць руку на пульсе для таго, каб нейкіх скачкоў, рэзкіх павышэнняў цэн на гэты прадукт не было. У мінулыя гады цана грэчкі на беларускім рынку была крыху вышэйшай, чым у Расіі. Сёння яна выраўнавалася. Таму я не думаю, што будуць нейкія скачкі і вывазы гэтай прадукцыі. Але мы на ўзроўні ўрада адсочваем гэту тэму і будзем маніторыць".

Зрэшты, даручэнне Прэзідэнта  - сачыць за цэннікамі не толькі на грэчку. Прадукты харчавання ў краіне, якая цалкам можа гарантаваць сваю харчовую бяспеку, павінны быць даступнымі для насельніцтва. Ад таго, наколькі па-гаспадарску пройдзе ўборачная кампанія, шмат у чым залежыць, наколькі кашалькі беларусаў стануць лягчэйшымі пасля паходу ў магазін. 

Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя