Аграрыі закладваюць у глебу насенне будучых ураджаяў

23 апреля 2018

Харчовая бяспека - гэта яшчэ адзін складальнік сферы нацыянальных інтарэсаў. І ў апошнія гады ў аграсектар уклалі нямала інвестыцый. І сёння можна з упэўненасцю гаварыць: кожная капейка сябе апраўдала. Беларускія прадукты харчавання - прызнаная якасць не толькі на ўнутраным, але і знешнім рынках. А як раз у гэтыя дні аграрыі закладваюць у глебу насенне будучых ураджаяў. Больш за 60% плошчаў ужо засеялі. І калі ў Брэсцкай вобласці пасяўная кампанія набліжаецца да завяршэння, то на поўначы краіны аграрыі толькі разагрэліся.

Апошнія навіны з палёў і ўраджайныя перспектывы цяперашняга сезона ў Аляксандра Хараўца. Ні хвіліны прастою. Праца на сельгаспрадпрыемстве з гучнай назвай "Авангард" наладжаная так, што нават падчас інтэрв'ю пасяўны працэс не спыняецца. Пакуль механізатар гутарыць з журналістамі, бункеры яго сеялкі запаўняюцца насеннем. Толькі ячменю трэба пасеяць амаль 350 тон. У вельмі кароткія тэрміны. Таму і ўся нагрузка - на энерганасычаныя трактары (замяняюць тры звычайныя). І на людзей. Працуюць у дзве змены.

У "Авангардзе" сёлета пад ячмень адвялі амаль 600 гектараў. На трэць больш за леташні. У гаспадарцы зарабіў новы свінакомплекс на 24 тысячы галоваў, таму запатрабаванне ў кармах павялічылася. У рацыён жывёлін абавязкова ўваходзіць і кукуруза з аўсом. Сяўбу гэтых культур пачнуць бліжэй да выхадных.

А вось для Івана Нікановіча пасяўная-2018 ужо скончылася. Апошнія гектары механізатар засеяў літаральна на нашых вачах. Зрэшты, паўзы ў палявых працах не будзе - наперадзе падкорм травы. А там і першы ўкос.

У Салігорскім, адным з самых паўднёвых раёнаў Мінскай вобласці, збожжа ўжо практычна адсеялі. Зараз перайшлі да кукурузы і цукровага бурака. Для Аляксандра Пяткевіча гэта ўжо 25-ы аграсезон. Мужчына асабіста рыхтаваў глебу пад будучы ўраджай і ўносіў арганічныя ўгнаенні на гэтым полі. Гаворыць, поспех у аграрнай галіне залежыць не толькі ад выконвання тэхналогіі і сучаснай тэхнікі, але першым чынам - ад падыходу да працы.

За дзень механізатар засявае плошчу, роўную 40 футбольным палям. Для гэтага неабходна, гаворачы прафесійнай тэрміналогіяй, парадку 10 пасяўных адзінак.

А вось так выглядае пасяўная адзінка. Прасцей гаворачы, гэта скрынка, у якой знаходзіцца 100 тысяч насення цукровага бурака. Гэта гранулы ярка сіняга колеру, пакрытыя спецыяльнай абалонкай, якая дапамагае расліне актыўна развівацца ў пачатковай стадыі росту.

І калі на поўдні краіны пасяўная ідзе да завяршэння, то ў паўночных раёнах толькі разаграецца апетыт у аграрыяў. Яно і зразумела - усё-такі ў Віцебскай вобласці больш прахаладна. Але ўкласціся ў агратэхнічныя тэрміны тут плануюць паспець. Дасведчаным спецыялістам дапамагаюць пачаткоўцы. Дзяніс Арцюк яшчэ толькі на другім курсе прафліцэя, але аб правільным узворванні глебы гатовы распавядаць гадзінамі. У навучальнай гаспадарцы плошча ворных земляў - 1300 гектараў. Больш за палову адведзена пад зерневыя культуры. Ураджай тут атрымліваюць не горшы, чым у буйных сельгасарганізацыях.

Усяго ж у краіне засеяня больш за 60% плошчаў яравых зерневых і зернебабовых культур. У лідарах па-ранейшаму Брэсцкі рэгіён. Там працы набліжаюцца да завяршэння. Хутка фініш і ў аграрыяў Гродзенскай вобласці - засеяць засталося чвэрць палёў. Ледзь больш - у Мінскім і Гомельскім рэгіёнах. 45% яравога кліну пройдзена ў Магілёўскай вобласці, амаль 30 - у Віцебскай.

Завяршыць пасяўную кампанію плануюць да 9 мая. Тым жа гаспадаркам, якія не змогуць справіцца самастойна, абавязкова падмогуць. Так што, не толькі з хлебам, але і новымі ўраджайнымі рэкордамі будзем - упэўніваюць аграрыі.