Аграрыі Віцебскай вобласці мабілізуюць сілы, каб сабраць ураджай з мінімальнымі стратамі

13 августа 2019

Вядома, шмат у чым на эфектыўнасць працы ў палях уплываюць умовы надвор’я. Асабліва складана прыходзіцца заходнім раёнам Віцебскай вобласці, дзе пераважаюць гліністыя глебы. Вясной   вільгаці не хапала, зараз яе  празмерна. І ўсё ж аграрыі  мабілізуюць усе сілы, каб сабраць ураджай з мінімальнымі стратамі. З палёў паўночнага рэгіёна  Марына Раманоўская.

Механізатар Мікалай Стрыёнак ведае, што  падчас уборачнай, як ніколі, каштоўная кожная пагодлівая хвіліна. Учора камбайны гэтай гаспадаркі ў палі выехалі ў 10 раніцы. Чакалі, пакуль глеба хоць крыху падсохне. Прыйшлося паднаціснуць,  да вечара намалацілі 137 тон збожжа. Ураджайнасць, гавораць аграрыі, нядрэнная. На круг збіраюць больш за  40 цэнтнераў. Сёння графік працы прыйшлося адкарэктаваць. Прагноз  не ўборачны. 

У паўночным рэгіёне краіны ўбрана 60 % плошчаў. У засеках 650 тон збожжа. Пакуль уборачная на паўзе. Тэмпы стрымліваюць праліўныя дажджы. 

Камбайны стаяць прама на палях, каб па званку агранома механізатары адразу  змаглі ўключыцца ў жніво. У Полацкім раёне  збожжавы клін 12 тысяч гектараў. У мінулым годзе, успамінаюць аграрыі, на гэту дату ўборачная на гэтых палях ужо ішла да завяршэння. Пакуль удалося ўбраць крыху больш за  палову плошчаў. 

Усе асаблівасці гэтага аграсезона адчулі і хлебаробы гаспадаркі "Паўночны". 
Землі ў Гарадоцкім раёне  з асаблівым норавам. Цяжкая глеба доўга сохне. А гэта не дазваляе стартаваць адразу, як толькі прыгрэла сонца. Але пры першай магчымасці, гавораць камбайнеры, на палях  гатовыя працаваць суткі напралёт. 

Каласы прыбіла ліўнем.  Атрымаць максімальную аддачу ад гэтых гектараў будзе складана. Але да кожнага поля  разумны, гаспадарскі падыход. Гэта збожжа спатрэбіцца на корм жывёлінам. 

Мікалай Шарстнёў, старшыня Віцебскага аблвыканкама: "У тым, што мы ўбяром хлеб, ні ў мяне, як кіраўніка вобласці, ні ў аграномаў няма сумненняў. Папярэднія гады былі не лягчэйшыя, можа, нават больш складаныя, што не ішла тэхніка па палях. Трэба літаральна паўдня сонечнага надвор'я і камбайны ўсе будуць працаваць. Так, дзесьці з буксіроўкай, з тросамі. Каб цалкам завяршыць уборачную, нам неабходна 12-14 дзён. Да канца жніўня павінны справіцца. У прынцыпе вобласць у гэты час звычайна і завяршала ўборку". 

Пакуль камбайны чакаюць свайго выхаду, зернесушыльныя комплексы працуюць без перадышкі. 24 гадзіны за суткі. Ураджай паступае з павышанай вільготнасцю. І ўжо тут збожжа даводзяць да патрэбнай кандыцыі. 

Аграрыі не страчваюць аптымізму - гатовыя да сумеснага рыўка. Як толькі дазволіць надвор'е, за справу возьмуцца з максімальнай аддачай. Паралельна са жнівом сілы мабілізуюць і на ўборцы лёну. Зараз у Віцебскай вобласці выцераблена 75 % плошчаў паўночнага шоўку.