Аграрыі краіны паскараюць тэмпы ўборачнай кампаніі

29 июля 2019

У паўднёвых гаспадарках цэнтральнага рэгіёна з гектара ўбіраюць 81 цэнтнер збожжавых культур. Дарэчы, менавіта ў Мінскай вобласці  самыя хлебныя палі. Там  чвэрць ад агульнага ўраджаю. Паралельна са жнівом рыхтуюць плошчы пад азімую сяўбу - убіраюць салому, каб пачаць уносіць мінеральныя угнаенні, а далей араць. Тэхніку задзейнічаюць па максімуме, бо хутка пачнецца і трэці ўкос травы. У тым, што адзін дзень увесь год корміць, пераканалася Юлія Токар. 

Сваю першую тысячу ў гэтай уборачнай намалаціла і сям'я Карачун. Экіпаж двух Віктараў у такім зладжаным тандэме працуе ў гаспадарцы "Новае жыццё" 13-ы сезон. Але сёння з асаблівыі азартам. На надвор'е не наракаюць, ведаюць сваю справу. Стаць лепшымі, вядома, няпроста, але куды цяжэй гэтую марку трымаць.

На рахунку кожны сонечны дзень, кожны наліты колас. За вынікам стаіць вялікая каманда. Важна кожнаму працаваць у поўную сілу - зямля не даруе гультайства.

З кожнага рэйса сюды, на зернесушыльны комплекс, прывозяць па 10-13 тон збожжа. Даводзяць да неабходнай вільготнасці і адпраўляюць на захоўванне. 

А на ўсходзе краіны актыўна ўбіраюць лён. У Магілёўскай вобласці плануюць атрымаць 28 тысяч тон трасты, частку сыравіны адправяць на Аршанскі льнокамбінат. Гаспадаркі Горацкага раёна сёлета павялічылі плошчы льняных палёў. Некалі пачыналі са сціплых 150 гектараў, зараз іх  2000. Уборка паўночнага золата -  працэс працаёмкі. Зараз тэхніка скошвае доўгае валакно - самае каштоўнае. Мінімум месяц яно будзе даспяваць на полі. Натуральным чынам саломка ператворыцца ў трасту. 

Паралельна ва ўсіх гаспадарках краіны ідзе нарыхтоўка зялёных кармоў. Многія ўжо завяршылі другі ўкос травы, рыхтуюць тэхніку да трэцяга. Сёлета аграрыям неабходна нарыхтаваць пажыўных кармоў больш, каб папоўніць запасы мінулага года.