Аграрыі краіны рыхтуюцца да вяснова-палявых работ

13 марта 2018

Праўда, умовы надвор’я пакуль не дазваляюць пачаць пасяўную. Несуцяшальныя і прагнозы сіноптыкаў. Ужо ў канцы тыдня ў Беларусь зноў вернецца зіма, са снегам і начнымі замаразкамі. У паўднёвых рэгіёнах краіны ўжо апрацоўваюць глебу, дзе ёсць магчымасць. Таксама пачалі сяўбу і падкормку шматгадовай травы. Вікторыя Патоня аб падрыхтоўцы да пасяўной.

У гэтай гаспадарцы трактары, пагрузчыкі, прычапныя агрэгаты на старце. Усю зіму механізатары прыводзілі тэхніку ў парадак. Для Валерыя Шэўчыка цяперашняя пасяўная далёка не першая. За станам свайго жалезнага памочніка сочыць - рамантуе і працы не баіцца. Асабісты рэкорд - 55 гектараў плошчаў за дзень. Гэта прыкладна 60 футбольных палёў.

На прадпрыемстве "Відамлянскае" парк сельгасмашын вялікі. Адных толькі трактароў больш за 50 адзінак. Тут не шкадуюць сродкаў на рамонт агрэгатаў і нават пралічваюць сітуацыі наперад: калі ў поле трэба будзе выйсці адразу ўсім. Бо адной толькі ярыны тут плануюць пасеяць 1200 гектараў.

У гатоўнасці нумар адзін не толькі тэхніка, але і пасяўны матэрыял. Гэтае прадпрыемства спецыялізуецца і на вырошчванні насення шматгадовай травы. 10 % прадукцыі выкарыстоўваецца для ўласных патрэб, астатняе прадаецца. Напрыклад, гэта "райграс пашавы" - каштоўная хадавая культура ў кормавытворчасці.

У засеках - збожжавыя і крупяныя культуры. Тутэйшыя землі падыходзяць для вырошчвання грэчкі і проса. Дарэчы, аграрыі рэгіёна ўжо пачалі сяўбу і падкормку мінеральнымі ўгнаеннямі шматгадовай травы. Але большасць гаспадарак на палі выходзіць не спяшаюцца. Зямля не прагрэтая, глеба пераўвільготненая. Тым больш што і прагнозы сіноптыкаў несуцяшальныя: рэзкія скачкі тэмператур ад плюса да мінуса, замаразкі ў канцы тыдня. Для азімых, гавораць спецыялісты, гэта сапраўдны стрэс.

Калі ў Брэсцкай вобласці аграрыі гатовыя да працы ў палях і пры ўдалым прагнозе на масавую сяўбу выйдуць праз паўтара тыдня, то паўночны рэгіён перастрахоўваецца. Каб паспець пасеяць у аптымальныя тэрміны, у Віцебскай вобласці плануюць задзейнічаць 6,5 тысячы механізатараў. З іх каля 900 чалавек - прыцягнутыя работнікі. Спецыялісты, якія на час пасяўной будуць камандзіраваныя на дапамогу аграрыям ад гарадскіх прадпрыемстваў.