Аграрыі амаль завяршылі церабленне даўгунца

20 августа 2019

Масавыя работы ідуць на льняных угоддзях. Аграрыі амаль завяршылі церабленне даўгунца. Культура павінна вылежацца пад цёплымі жнівеньскімі дажджамі і росамі,  толькі потым яе ўбіраюць з палёў. Пакуль ільнозаводы занятыя пытаннем нарыхтоўкі якаснай ільнотрасты, навукоўцы Інстытута лёну ўжо закладваюць аснову пад будучы ўраджай. Тут вырабляюць насенне новых высокапрадукцыйных сартоў. Вольга Маслоўская працягне льняную тэму. 

Светла-зялёныя стужкі, якія ідуць за гарызонт. У любы час у ільнянога поля свая непаўторная прыгажосць. Праўда, любавацца краявідамі ў аграрыяў часу няма. Ловяць пагодлівыя гадзіны, каб завяршыць церабленне даўгунца. З палёў Дубровенскага льнозавода церабільныя машыны ўжо сышлі. 

Пару сонечных дзён  і ўвесь лён у стужкі складуць і льнаводы Аршанскага раёна. 

Напрыканцы пакінулі эксперыментальнае поле. Такія ёсць у кожнай вобласці. Параўнаць айчынныя і імпартныя сарты даўгунца - распараджэнне Кіраўніка дзяржавы. Вынік дазволіць зняць пытанне, чые сарты лепшыя. А беларускія навукоўцы тым часам гатовыя прапанаваць аграрыям навінку. 

Будучай вясной  шырокая прэм'ера новага сорту "талер". Гэтым летам навукоўцы інстытута ў прамысловым маштабе размножылі яго насенне. Ужо ў наступным годзе льнаводы ацэняць перавагі сярэдняспелага сорта даўгунца. 

Яшчэ "грант", "ласка", "лада", "маяк", "дукат"  - насенне гэтых сартоў інстытут нарыхтаваў у дастатку. Селекцыяй лёну-даўгунца Марына Літарная займаецца дзевяць гадоў. Выпускніца Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі  суаўтар трох навінак. Праца на эксперыментальных палях завершана. Ураджай чакаюць у лабараторыях. 

А льнозаводы перапрацоўку новага ўраджаю пачнуць у канцы жніўня. На Дубровенскім ільнозаводе да гэтага часу завершаць рамонт сховішчаў сыравіны і мадэрнізацыю вытворчай лініі. 

Ужо ідзе падбор ільняных палёў на будучы год. На адных і тых жа гектарах часцей за адзін раз на шэсць-сем гадоў паўночны шоўк вырошчваць нельга. Практыка аддаваць землі пад стратэгічную культуру па рэшткавым прынцыпе адышла ў мінулае.