Аграрыі вобласці завяршаюць падрыхтоўку да пасяўной

27 февраля 2015

Рамантуецца тэхніка, закупліваецца насенне і ўгнаенні. Амаль усе раёны вобласці з гэтай задачай спраўляюцца годна. Не паспелі толькі нарыхтаваць неабходную колькасць угнаенняў. Аднак запэўніваюць: для першай падкормкі азімых назапашанага будзе дастаткова. Як аграрыі падрыхтаваліся да працы на палях, сюжэт Наталлі Кезік.

Апошні трактар у рамонтных майстэрнях. Падрыхтоўку тэхнікі да пасяўной у гэтай гаспадарцы амаль завяршылі. Рамантаваць сеялкі пачалі яшчэ зімой, зараз завяршаюць работу з трактарамі і грузавымі машынамі. Затым механізатары будуць збіраць запчасткі на выпадак паломкі ў полі.

Насенне ж для палеткаў тут нарыхтавалі яшчэ зімой. Галоўны аграном гаспадаркі Дзмітрый Сіняк аддае перавагу толькі ўласным зярнятам. З сартоў выбіраюць толькі элітныя і першай рэпрадукцыі. Але абавязкова мяняюць гатункі насення, каб штогод атрымліваць добры ўраджай.

Пакуль не падрыхтавалі толькі неабходную колькасць угнаенняў. Але назапашанага хопіць для першай падкормкі азімых культур. Напрыклад, на ўсе палі ў Мінскай вобласці толькі азотных угнаенняў неабходна 158 тысяч тон.

Да 1 сакавіка аграрыі павінны завяршыць падрыхтоўку да пасяўной. За ходам работ у кожным раёне сочаць мабільныя групы, каб тэхніка своечасова і без паломак выйшла на працу.

У полі работы пачнуцца з падкормкі азімых культур. Сёлета без перамярзання ўраджаю не абышлося, таму неабходна своечасова правесці першую апрацоўку. Паралельна машыны будуць рыхтаваць зямлю да сяўбы. Высадзіць неабходна яравыя, зернебабовыя і травы.

Пры гэтым спецыялісты прыкладна вызначылі, калі пачнуць работу ў полі – для цэнтральнага рэгіёна гэта сярэдзіна сакавіка. Пакуль жа на палях шмат вады і яшчэ не ўсюды сышоў снег.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя