Аграрыі Мінскай вобласці ўпэўнена вядуць масавую ўборку збожжавых

27 июля 2013

Акцэнт на якасць, а не на колькасць. Мінская вобласць сёлета не прэтэндуе на рэкордны ўраджай - усё ж зацяжная зіма і позняя пасяўная даюць пра сябе ведаць. Аднак аграрыі ўпэўнена вядуць масавую ўборку збожжавых. І чакаюць добрых вынікаў. Традыцыйна раней за ўсіх стартуюць паўднёвыя раёны цэнтральнага рэгіёну.


Аляксей Кандраценка правёў адзін дзень з хлебаробамі. Кантраляваць поглядам 2 тысячы гектараў пасеваў і 15 мужчын для брыгадзіра Соф'і Васільеўны справа звыклая. Адзіная жанчына ў поле сочыць за якасцю жніва і ставіць ацэнкі механізатарам.


Гаспадаркі Любанскага раёна аднымі з першых пачалі масавую ўборку збожжавых. За суткі грузавік Мікалая перавозіць 150 тон. На уліку кожнае зярнятка.


Усяго на жніве ў цэнтральным рэгіёне задзейнічана больш за 7 тысяч адзінак тэхнікі. На гэтым полі ў асноўным працуюць камбайны беларускай вытворчасці. Такія машыны паказваюць максімальную эфектыўнасць пры ўраджайнасці 30 цэнтнераў з гектара. Дарэчы, ураджайнасць, наракаюць аграрыі, хоць і не дрэнная, але магла б быць вышэйшай. Доўгая зіма і як вынік позняя пасяўная адбіліся.


Адразу пасля ўборкі каласоў тэхніка прыводзіць у парадак і салому. Збожжа без прамаруджвання трапляе ў сушылкі.


Такім чынам на полі нічога не знікае. Пакуль у аграрыяў своеасаблівы уступ да доўгай аграэпапеі. Ліпеньскія намалоты не даюць поўнай карціны, касавыя зборы якой прыйдуцца на жнівень.