Аграрыі Мінскай вобласці пачалі нарыхтоўку кармоў

21 мая 2019

Плошчы першага  ўкосу - звыш мільёна гектараў зямлі, на якіх растуць шматгадовыя травы. У асноўным гэта люцэрна і клевер, багатыя бялком. Надвор'е зараз спрыяе добраму ўраджаю, таму праца на палях ідзе амаль без перапынкаў. Аляксандра Кавеліч  прадоўжыць тэму.

Кароткая паўза на тэхнічны агляд і зноў на старт. Іван Курапаў хутка хаваецца ў кабіне трактара. За рулём аграрнай машыны ён больш за 30 гадоў. І зараз  з дакладнасцю да сантыметра рухаецца па вялікім полі. 

Першы ўкос траў у гэтай гаспадарцы ў Мінскім раёне пачалі на гэтым тыдні. У планах нарыхтаваць 18 тысяч тон сенажу. У яго складзе не толькі звыклыя шматгадовыя расліны, як цімафееўка ці люцэрна. 

На палях праца амаль без перапынкаў, каб на цэлы год забяспечыць якаснымі кармамі жыхароў гэтага комплексу. Дарэчы, каб назапасіць максімальную колькасць пажыўных кармоў, у гаспадарцы будуюць і дзве новыя сянажныя траншэі. Гэта дазволіць павысіць эфектыўнасць дзейнасці малочна-таварнай фермы. Тут таксама выкарыстоўваюць новыя падыходы.

Між тым нарыхтоўку кармоў пачалі і іншыя раёны. Пакуль у асноўным  паўднёвыя. Усяго ж у Мінскай вобласці падчас першага ўкосу апрацуюць звыш мільёна гектараў палеткаў.