Аграрыі Мінскай вобласці пачалі нарыхтоўку кармоў

21 мая 2020
Нарыхтоўку зялёных кармоў аграрыі Мінскай вобласці пачалі раней звычайнага. Адзін з першых - Смалявіцкі раён. Ураджайнасць пакуль не самая высокая: усё ж паўплывала надвор'е. Аднак сама зялёная маса якасная, насычаная пажыўнымі элементамі. У адной з гаспадарак на гэты момант нарыхтавана амаль паўтары тысячы тон сенажу. У цэлым плануюць выйсці на аб'ём да 40 000 тон.

Міхаіл Сімановіч, намеснік дырэктара сельскагаспадарчага філіяла: "Для гэтага ў нас усё ёсць. Травы ў нас 3 300 гектараў. З іх 1 340 гектараў райграсаў аднагадовых. Гэта культура інтэнсіўнага росту, многаўкосная. Бывалі гады, нават калі мы да 5 укосаў здымалі з гэтай культуры. 350 гектараў у нас люцэрны. Ну, астатняя зёлкавая трава ў сумесях. Таму аб'ёмаў хапае, працы хапае. Тэрміны, на мой погляд, падышлі - трэба займацца".

Зялёную масу закладваюць у рукавы. Такая тэхналогія дазваляе ў любы момант працэс паставіць на паўзу да надыходу спрыяльнага надвор'я. Усяго ж нарыхтоўку кармавой базы пачалі тры гаспадаркі Смалявіцкага раёна. Апрацаваць неабходна 11 000 гектараў.

Руслан Міхалевіч, першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Смалявіцкага райвыканкама: "Бачым, што травастою няма таго, які быў нават летась. Мы выдатна разумеем, што калі на сённяшні дзень не прыбяром тое, што ў нас ёсць, то мы не атрымаем другі ўкос. Мы плануем у любым выпадку каля 50-60 тысяч сенажу з першага ўкосу нарыхтаваць. Мы настроеныя на тое. Таму што, калі не будзе кармоў - не будзе жывёлагадоўлі. А з нашым высокім узроўнем вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі якасць кармоў - гэта асноўнае!"

Масавы ўкос траў у цэнтральным рэгіёне пачнецца праз некалькі дзён. Усяго пад зялёныя кармы адведзена больш за 250 000 гектараў.