А. Лукашэнка: Беларусь і Узбекістан змаглі за два гады цалкам абнавіць свае адносіны

1 августа 2019

Беларусь і Узбекістан змаглі за два гады цалкам абнавіць свае адносіны. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас перамоў з Шаўкатам Мірзіёевым.

Кіраўнік сярэднеазіяцкай рэспублікі вось ужо другі дзень знаходзіцца з афіцыйным візітам у Беларусі. Сустрэчы ў Палацы Незалежнасці папярэднічала традыцыйная ўрачыстая цырымонія з удзелам роты ганаровай варты. Прагучалі гімны дзвюх краін.

Мінск і Ташкент нацэленыя на глабальнае пашырэнне супрацоўніцтва. Больш за тое, нам ёсць што прапанаваць усходнім сябрам і партнёрам. Абодва прэзідэнты вывелі формулу поспеху ўзаемных адносін - нарасціць тавараабарот да мільярда долараў. Асаблівая ўвага - развіццю партнёрства на ўзроўні рэгіёнаў. Губернатары з боку дзвюх дзяржаў падпісалі шэраг пагадненняў. Узгодненая сумесная праца ў галіне адукацыі і прамысловасці.

А ўжо на перамовах у пашыраным саставе Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў пазначылі пэўныя сферы, дзе краіны могуць нарасціць мускулы кааперацыі - ва Узбекістане можа з'явіцца прамысловы комплекс па выпуску беларускай тэхнікі. І ў цэлым лідары робяць стаўку на імклівае ўмацаванне гандлёвых і эканамічных сувязяў. Ташкент за апошнія гады стаў актыўна ўкладваць рэсурсы ў развіццё аўтамабілебудавання, нафтавую і газавую галіны і плануе ўкараненне інфармацыйных тэхналогій - Мінск гатовы дапамагчы і словам, і справай.

Па выніках перамоў Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў падпісалі сумесную заяву аб далейшым развіцці двухбаковых адносін. Абодва палітыкі адзначылі, што асабіста зацікаўленыя ў паспяховым развіцці сувязяў Мінска і Ташкента.

Важны аспект адносін Беларусі і Узбекістана - доўгатэрміновае планаванне - на гады наперад. Такі глыбокі ўзровень супрацоўніцтва дазволіць краінам не проста гандляваць, а ствараць сумесныя прадпрыемствы. Бакі зробяць усё, каб дасягнуць сумеснага поспеху.

Сур'ёзны імпульс супрацоўніцтву надаў і I Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана - бакі падпісалі 26 новых дамоўленасцяў. Сёння ж прэзідэнты плануюць наведаць таварную выставу "Зроблена ва Узбекістане", дзе прапанавана больш за тысячу найменняў прадукцыі.