9-кіламетровы транспартны калідор звяжа пункты пропуску Брэст і Казловічы

17 июня 2013

Тэрміны будаўніцтва маштабнага праекта і разгрузка складоў гатовай прадукцыі. Гэтыя пытанні сталі ключавымі падчас рабочага візіту ў Брэст старшыні Камітэта дзяржкантролю. Аляксандр Якабсон праверыў, як ідзе будаўніцтва дарожнай артэрыі, што звяжа два міжнародныя пункты пропуску, а таксама наведаў прадпрыемства па выпуску электра- і газавых пліт.


Падрабязнасці ў рэпартажы Вікторыі Патоні.


Заходні абход - маштабны праект. Амаль 9-кіламетровы транспартны калідор звяжа два міжнародныя пункты пропуску Брэст і Казловічы. Спецыялісты ўпэўненыя: новая дарога дапаможа вырашыць праблему затораў у горадзе. Будаўніцтва ідзе неверагодна хуткімі тэмпамі. Напрыклад, дзеля ўзвядзення гэтага моста прыйшлося нават павярнуць частку рэчышча ракі.


Дарожная артэрыя будуецца ў два этапы. Першую чаргу планавалі здаць ужо сёлета. Але тэрміны могуць быць сарваныя, калі не прадоўжыцца фінансаванне. Заходні абход узводзіцца за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў у прапорцыях 75% і 25% адпаведна.


Міхаіл Бажко, дырэктар КУП УКБ Брэсцкай гарадской ЖКГ: Мы сёння асвоілі ўсе выдзеленыя грошы як з рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаныя дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай, так і з абласнога бюджэту. З рэспублікі (на жаль, ёсць акалічнасці, якія вышэй за нас) ідзе недафінансаванне Заходняга абходу памерам 181 млрд рублёў.


Зрываць праект недапушчальна. Аляксандр Якабсон паабяцаў пытанне далейшага фінансавання будоўлі стагоддзя ўзняць на ўзроўні ўрада. Але больш пільную ўвагу падчас рабочага візіту старшыня Камітэта дзяржкантролю Беларусі надаў пытанню загружанасці складоў.


Прыклад прадпрыемства Гефест-тэхніка некрытычны. Але і гэты паспяховы завод па вырабе газавых і электрапліт апошні час працуе на склад. За месяц тут утварыліся залежы тавару - 100 тысяч адзінак. А амаль 90% прадукцыі прадпрыемства экспартуе ў краіны СНД, Прыбалтыку і Кубу. Кіраўніцтва завода тлумачыць сітуацыю, якая склалася, тым, што зараз назіраецца спад пакупніцкага попыту на асноўных рынках збыту.


Ала Шалюта, намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу завода па вырабе газавых і электрапліт: Наша прадукцыя мае сезонны характар. Дзесьці з сакавіка па жнівень маем сезонны спад. Штогод апошнія 5 гадоў гэта прыкладна 25% ад падзення аб'ёмаў. Мы назапашваем гэтую прадукцыю і прадаем яе ў свой сезон - восенню і зімой.


Аляксандр Якабсон, Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі: Па почырку і па падыходах відаць: прадпрыемства працуе ў дзве змены. Так, пакуль на склад. Тым не менш, ёсць дамоўленасці па збыце гэтай прадукцыі ў найбліжэйшай перспектыве. Я ведаю, што няважная сітуацыя застаецца на прадпрыемстве Дываны Брэста, нягледзячы на тое што дзяржава дае дадатковыя рэсурсы. Таму ўсякія ёсць прыклады: і добрыя, і дрэнныя.


Гефест-тэхніка - прадпрыемства, якое працуе выключна за кошт уласных сродкаў, без прыцягнення крэдытаў. У Брэсце ёсць і прадпрыемствы, дзе сітуацыя з назапашанымі таварамі крытычная. Брэсцкі панчошны камбінат мае на складах прадукцыю 4-месячнага плана.


Валерый Лапцейкін, першы намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама: Акрамя панчошнага камбіната, яшчэ ёсць шэраг прадпрыемстваў мэблевай прамысловасці, у якіх назапасіліся дастаткова вялікія аб'ёмы гатовай прадукцыі на складах. У сярэднім па горадзе ў нас 71% - гэта складскія рэшткі ад месячнага аб'ёму.


Разгрузіць склады - задача нумар адзін для шэрагу прадпрыемстваў. І ўсё ж галоўнае - навучыцца вырабляць прадукцыю не дзеля аб'ёмаў і планаў, а зыходзячы з пакупніцкага попыту.