80 кампаній і фабрык лёгкай прамысловасці прапануюць сваю прадукцыю на BelTexIndustry

2 октября 2018

На новыя рынкі збыту выходзяць і беларускія вытворцы ў сферы лёгкай прамысловасці. Гэта напрамкі Японіі і Лацінскай Амерыкі. Свой экспартны патэнцыял і новыя калекцыі тэкстылю, адзення і абутку сёння ў "БелЭкспа" прэзентуюць 80 кампаній і фабрык лёгкай прамысловасці. Сёлета выстава-кірмаш праходзіць у новым фармаце. Акрамя модных дэфіле ад беларускіх вытворцаў падчас выставы арганізаваны трэнінгі па эфектыўных продажах, а таксама перамовы "бі ту бі" - бізнес для бізнесу.

Надзея Сербіненка пабывала на адкрыцці выставы.

Сёння ў "БелЭкспа" адкрываецца 43-яя выстава-кірмаш. Вытворцы дэманструюць свае тавары і апошнія трэнды. Галоўная задача - заключэнне рэальных дзелавых кантрактаў.

На такіх выставах сваю прадукцыю кожны сезон паказвае і найбуйнейшы вытворца тэкстыльнай прадукцыі ў Беларусі. Падчас апошніх візітаў у Токіа і Осаку кіраўніцтва беларускай фабрыкі наладзіла дзелавы кантакт з японскімі вытворцамі спецадзення.

На выставе ў "БелЭкспа" свае новыя калекцыі дэманструюць многія фабрыкі і дызайнеры. Гэта магчымасць максімальна аператыўна паказаць баерам свае напрацоўкі і зацікавіць іх яшчэ з подыума. Элементы этнічнага стылю ў камбінаванні са стылем кэжуал прадэманстравалі дызайнеры жодзінскай фабрыкі.

На выставе бесперапынна адбываюцца сустрэчы ў фармаце "бі ту бі". Вытворцы на адной пляцоўцы могуць знайсці пастаўшчыка тканін, фурнітуры, службу па пашыве і нават дастаўцы. Так, аб пэўных дамоўленасцях з узбекскімі тэкстыльнымі фабрыкамі журналістам расказаў старшыня Беллёгпрама.

Выстава BelTexIndustry будзе працаваць у “БелЭкспа” яшчэ чатыры дні. Для прадстаўнікоў тэкстыльных кампаній запланаваны трэнінгі па эфектыўным менеджменце ў Fashion-індустрыі і па развіцці інтэрнэт-гандлю.