5 тысяч кіламетраў воднага маршруту ўжо пройдзена

4 декабря 2013

Сёння ў Беразіно сустракалі важны груз - сістэму бяспекі для будучай беларускай атамнай электрастанцыі, так званую пастку расплаву. Менавіта гэта ўстаноўка нават у выпадку надзвычайнай сітуацыі прадухіліць уцечку радыеактыўных элементаў у атмасферу. Канструкцыю перавозяць у 2 этапы - па вадзе і сушы. Дык вось сёння з Беразіно сістэму бяспекі з 12 частак ужо аўтамабільным транспартам адвязуць у Астравец. Усяго на тое, каб пераправіць груз з расійскага завода праз тэрыторыі адразу трох краін, пайшло некалькі тыдняў.


За тым, як здымалі з баржы шматтонную канструкцыю, назірала Ксенія Рабчынская. Амаль пяць тысяч кіламетраў - ад завода да першай зямлі, ужо беларускай - гэтыя канструкцыі прайшлі па вадзе. З расійскага Атаммаша ў Валгадонску так званая пастка расплаву адправілася ў вялікі круіз яшчэ ў кастрычніку.


Сістэма бяспекі станцыі, каштоўны груз - і ў прамым сэнсе - коштам, і вагой, паўтара месяца перамяшчалася па рэках Расіі, Украіны і Беларусі. Канчатковым пунктам на вадзе стаў вось гэты порт недалёка ад горада Беразіно. Зараз так званую пастку для Беларускай АЭС пагрузяць на аўтамабіль, заўтра яна адправіцца ў Астравец.


Там груз агульнай вагой амаль 750 тон ужо з нецярпеннем чакаюць. Каб завезці ўсе 12 частак сістэмы бяспекі на тэрыторыю станцыі, нават разабралі ўязныя вароты. І не дзіўна, бо самая вялікая канструкцыя толькі ў вышыню 6 метраў, ледзьве праходзіла пад мастамі цераз Бярэзіну. Менавіта таму і шлях па зямлі да будучай атамнай станцыі пракладалі зусім не па галоўных трасах.


Валерый Прыстаўка, дырэктар кампаніі-перавозчыка негабарытных грузаў: Маса грузаў такая, што масты па кароткім маршруце проста не дазваляюць прайсці, а другое - габарыты высокія. Два вялікія самыя грузы пойдуць на Барысаў, далей Жодзіна, Лагойск, Бягомль, Глыбокае.


Дарогу па сушы ўжо дэталёва даследавалі, ніякіх сюпрызаў тут быць не можа, да таго ж самая цяжкая і адказная частка шляху ўжо пройдзена. Бярэзіна - звілістая і месцамі неглыбокая. Але альтэрнатыў, сцвярджаюць спецыялісты, проста не было. Груз з такой вагой і габарытамі наўрад ці змясціўся б хоць у адзін грузавы верталёт, ды і па чыгунцы не прайшоў ні ў шырыню, ні ў вышыню.


Уладзімір Зайцаў, начальнік рачнога порта Мазыр: Гэтая баржа можа весці 1000 тон, а везла колькі? А везла ўсяго 160. Удзельнічалі ў гэтым 4 баржы, 4 буксіры.


Везці сістэму абароны будучай станцыі за 5 тысяч кіламетраў зусім не капрыз, а, хутчэй неабходнасць - гэтая распрацоўка расійскіх інжынераў сёння прызнана самай бяспечнай у свеце. Гэта адзначаюць і спецыялісты ў галіне ядзернай энергетыкі, і эколагі.


Юрый Салаўёў, старшыня грамадскага аб'яднання Экалагічная ініцыятыва: Гэта вельмі дарагая і вельмі сучасная тэхналогія. Мы, з пункта погляду эколагаў, вельмі радыя, што яна будзе прымяняцца на беларускім атамным аб'екце, таму што яна дазволіць гарантаваць дадатковую бяспеку аб'екту.


Падобныя сістэмы бяспекі плануюць усталяваць на шматлікіх АЭС, якія зараз будуюцца, напрыклад, у Калінінградзе, Індыі і Фінляндыі. У тым, што на беларускім атамным аб'екце выкарыстоўваюць толькі самыя апошнія распрацоўкі ў галіне ядзернай энергетыкі, ужо даўно пераканаліся ўсе, у тым ліку і спецыялісты МАГАТЭ. Сённяшняе завяршэнне шматгадзіннага круізу для пасткі расплаву яшчэ раз даказала - у тым, што тычыцца бяспекі, беларусы ўжо сапраўды не шукаюць лёгкіх шляхоў.