50 цэнтнераў з гектара збіраюць з палёў Гродзенскай вобласці

29 июля 2015

Амаль 50 цэнтнераў з гектара. Гэта лічбы ўраджайнасці на палях Гродзенскай вобласці. Аграрыі рэгіёна яшчэ на старце ўборачнай кампаніі і па агульнай вазе не ў лідарах, аднак ураджайнасць збожжавых - самая высокая сярод абласцей Беларусі. І зараз адзінае, што турбуе СВК, гэта надвор'е. З-за частых дажджоў тэхніка вымушаная прастойваць ля краю нівы, чакаючы бясхмарнага неба.

На які каравай разлічваюць гродзенскія хлебаробы і што плануюць рабіць са збожжам - падрабязнасці ў Дзмітрыя Смірнова. Збожжа сапраўды налілося. Нават пасля нядаўняй засухі ячменныя палі ў Лідскім раёне паказваюць ураджайнасць на ўзроўні 40-60 цэнтнераў з гектара. Паралельна з ярынай у гаспадарцы закнчваюць і ўборку рапсу. Паводле апошніх дадзеных, гродзенскія аграрыі намалацілі больш як 170 тысяч тон збожжа. У саміх гаспадарках упэўненыя, што лічба магла быць вышэйшай, але ўмовы дыктуе не жаданне хлебаробаў, а надвор'е.

Зараз, у пачатку ўборачнай кампаніі, ураджайнасць на палях Гродзенскай вобласці каля 50 цэнтнераў з гектара. У некаторых гаспадарках разлічваюць нават на 90 цэнтнераў. Праўда, тэмпы ўборкі істотна карэкціруе пераменлівае надвор'е.

У Лідскім раёне камбайны выйшлі ў палі яшчэ ў выхадныя, аднак прапрацавалі не больш як некалькі гадзін - дажджы прыпынілі ўборачную.

Выпрабавальны, так званы заход у ніву камбайны зрабілі праз гадзіну. Паколькі збожжа захавала вільготнасць, гаспадарцы прыйдзецца дадаткова яго прасушваць.

Падчас уборачнай хлебаробам дапамагаюць і студэнцкія сельгаатрады. Да прыкладу, у Вілейскім раёне працуе нават міжнародны тандэм. Студэнты з беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта разам з расійскімі калегамі з Курскай сельгасакадэміі дапамагаюць падрыхтаваць камбайны, якія са дня на дзень выйдуць у поле. Маладыя людзі будуць працаваць памочнікамі камбайнераў.

Паралельна з уборкай зараз аграрыі плануюць як распарадзіцца ўраджаем. Гродзенская вобласць разлічвае атрымаць не менш як паўтара мільёнаў тон збожжа. Гэтага дастаткова, каб выканаць дзяржзаказ, засыпаць насенне на будучы год і нарыхтаваць фураж. Такім чынам, сабраны ўраджай павялічыць свой кошт і прынясе прыбытак ужо ў жывёлагадоўлі.

Калі надвор'е не дадасць форс-мажору, сабраць усё збожжа з палёў аграрыі Гродзенскай вобласці плануюць за тры тыдні.