На будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай банкі дадаткова накіруюць 500 мільёнаў рублёў крэдытных рэсурсаў. Пра гэта сёння паведаміў віцэ-прэм'ер Беларусі Анатоль Калінін пасля адкрыцця 25-й Міжнароднай спецыялізаванай выставы "Будпрагрэс". У рамках указа № 240 ужо выдзелена 135 мільёнаў. На гэтыя грошы ўжо будуецца жыллё. З дадатковых сродкаў больш за траціну будзе асвоена сёлета.
Анатоль Калінін, намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі: "Самае галоўнае - ёсць крыніца ў банкаўскім сектары. Зараз 135 мільёнаў і плюс 500 мільёнаў беларускіх рублёў дадаем. Ёсць фінансавы інструмент. А мадэль і механізм мы павінны адпрацаваць у найбліжэйшы час, каб залучыць усіх удзельнікаў у гэты будаўнічы працэс згодна з 240-м указам".
Віцэ-прэм'ер таксама адзначыў, што да канца года кошт квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай не перавысіць сярэдняй зарплаты. У 2018-м гэтая дынаміка захаваецца. Выстава "Будпрагрэс" праходзіць у Мінску на гэтым тыдні. Свае навінкі дэманструюць каля 200 вядучых будаўнічых кампаній з Беларусі, Кітая, Бельгіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Турцыі, Украіны.













