16 пілотных экаініцыятыў прэзентавалі ў Мінску

5 декабря 2016

На шляху да зялёнай эканомікі. 16 пілотных экаініцыятыў  прэзентавалі ў Мінску. У Беларусі плануюць адкрыць фітавытворчасць: збіраць лекавыя расліны,  перапрацоўваць новыя віды адходаў, напрыклад, аўтамабільнае масла і нават выпускаць бяспечныя для чалавека антыфрызы і тасолы. А таксама ў планах - азеляненне дахаў будынкаў. Фінансуе праект Еўрасаюз, яго бюджэт - 5 мільёнаў еўра.

Філіп Бернар, саветнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі: "Беларусь і Еўрасаюз адным шляхам ідуць да трансфармацыі эканомік: гэта не толькі чысты эканамічны вынік, але і сацыяльны эфект дзейнасці, і экалагічны эфект".

Наталля Жаркіна, начальнік упраўлення Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі: "На гэтых прыкладах мы паказваем, што мы можам ствараць новыя рабочыя месцы, што мы памяншаем колькасць стварэння адходаў і выкідаў у атмасферу, і мы атрымліваем новы прадукт пры гэтым".

Такую трансфармацыю эканомікі эксперты лічаць інвестыцыямі ў будучыню ўсяго чалавецтва. Сярод самых перспектыўных зялёных кірункаў для Беларусі - экатурызм і электратранспарт.