Жук-караед наступае імкліва

14 Сакавіка 2018

Тысячы дрэў ідуць пад сякеру. А разам з трэскамі ляцяць пытанні неабыякавых беларусаў. Галоўнае - чаму нашы лясы па-варварску ператвараюць у дзялянкі? Вялікая праблема пайшла ад малога. У любым падручніку жукі-караеды - санітары лесу. Праўда, зусім пры іншым раскладзе надвор’я. Анамальна-засушлівыя гады пазбавілі іглічныя дрэвы вільгаці, а з ёй - магчымасці выпрацоўваць жывіцу, якая засмольвае лішніх насякомых. У выніку памочнікі лесу перайшлі ў статус шкоднікаў і нават забойц. Жук-караед наступае імкліва і адваёўвае ўсё новыя і новыя масівы. Тысячы гектараў высякаюцца на дровы. Каб аднавіць лясны фонд, патрабуецца нямала расходаў. Напярэдадні Савет выканаўчых дырэктараў Сусветнага банка прыняў рашэнне аб выдзяленні Беларусі дадаткова 12 млн еўра на развіццё ляснога сектара. Аднак, сцвярджаць, што праблема будзе вырашана, не прыходзіцца. Леснікі і навукоўцы гавораць аб экалагічнай трагедыі. У праблеме разбіралася Ганна Кавалёва.

Зялёны дыван хвой разводзяць рудыя плямы і голыя дзялянкі. Аэраздымка не выкрывае праблему. Аб ёй вядома даўно, добра відаць і з зямлі. Але зверху зразумелыя маштабы экалагічнага бедства. Яго беларускія лясы церпяць апошнія некалькі гадоў. І што самае страшнае - прабелаў стане яшчэ больш. Хваля ўсыхання ігліцы з галавой накрыла Гомельскую вобласць. Маленькі віноўнік вялікай праблемы - жук-караед.

Пару міліметраў у даўжыню ён можа забіць дрэва за лічаныя тыдні. Галоўны рацыён шкодніка - елкі і хвоі. А іх у нашых лясах больш за палову.

На погляд абывацеля - здаровае дрэва. Насамрэч яно ўжо не жыхар. Пад карой - сотні пражэрлівых жукоў, якія гэтымі хвілінамі ператвараюць цвёрдую драўніну ў пацяруху. Каб ствол не стаў месцам новага вывадка, прыходзіцца літаральна сячы з пляча.

Галоўныя прыкметы - жоўклая ігліца, хады ў кары і свідравая мука пад дрэвам - гэта тое, у што шкоднік ператварае хваёвы масіў. Захаваць такое дрэва ўжо немагчыма. Каб выратаваць ад заражэння астатніх, выхад адзін - санітарная высечка. Хімічна знішчыць нашэсце жукоў практычна немагчыма.

Маленькі жук збянтэжыў навукоўцаў па ўсім свеце. Але дагэтуль нічога больш эфектыўнага, чым высечка, так і не прыдумалі. Некалькі гадоў таму беларусы змаглі распрацаваць ферамонны прэпарат, які прыцягвае жукоў у спецыяльныя пасткі, дзе яны гінуць. Праўда, вырашыць праблему цалкам гэтым спосабам не ўдалося.

Вялікія надзеі зараз ускладаюць на мураўежукоў. Гэта галоўнае насякомае, якое харчуецца караедамі. Па тэорыі, штучнае павелічэнне яго папуляцыі дапаможа вырашыць праблему як мінімум на 30%.

У рознай ступені ўсыханне назіраюць па ўсёй краіне. Толькі ў Гомельскай вобласці з 2017 года караед пашкодзіў 42 тысячы гектараў лесу. Усе яны ўжо высечаныя.

Тэрміны ачысткі лясоў ад заражаных дрэў у краіне вызначалі ўжо не аднойчы і штораз прадаўжалі. Цяперашнюю санітарную высечку планавалі скончыць за найбліжэйшыя суткі. Вось толькі ці будзе гэта кропка, а не чарговая коска, па словах спецыялістаў, вялікае пытанне.