Жыхары Віцебска ў час пік сталі сведкамі пагоні

19 октября 2015

Супрацоўнікі ДАІ на службовым аўто праследавалі "Ладу" з нецвярозым вадзіцелем за рулём. На патрабаванне спыніцца парушальнік рэагаваў павелічэннем хуткасці, але быў перахоплены. Зухам аказаўся 28-гадовы жыхар Віцебска без вадзіцельскіх правоў. Уладальнік "Лады", які знаходзіўся на пасажырскім сядзенні, таксама быў п'яны. На парушальнікаў складзена некалькі адміністрацыйных пратаколаў. Пакаранне вызначыць суд.

Васіль Чэпік, інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама: "Праблема кіравання транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення застаецца па-ранейшаму актуальнай. Толькі сёлета супрацоўнікамі ДАІ ў Віцебскай вобласці затрымана больш за 3400 вадзіцеляў у стане алкагольнага ап'янення, з іх 186 паўторна".

У паўночным рэгіёне сёлета па віне п'яных вадзіцеляў учынена 38 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 12 чалавек загінулі, 48 атрымалі раненні.