Закрытую вечарынку з удзелам непаўналетніх у Мінску перапынілі супрацоўнікі сталічнага наркакантролю

21 января 2019

Амаль 40 чалавек сабраліся на арандаваным катэджы ў мікрараёне Сцяпянка. Пра тое, што свята будзе з дурманам, міліцыя даведалася загадзя. У двух непаўналетніх хлопцаў знайшлі наркотыкі (марыхуану), а таксама магутнае псіхаактыўнае рэчыва.

Наталля Ганусевіч, афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама: "У дачыненні да двух хлопцаў СК узбуджана крымінальная справа па арт. 328. Санкцыя часткі артыкула прадугледжвае тэрмін пазбаўлення волі да 5 гадоў. Варта адзначыць, што сёння праблема наркаманіі вельмі актуальная. Супрацоўнікамі міліцыі праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на спыненне распаўсюджвання наркотыкаў сярод моладзі".

Летась з удзелам непаўналетніх было ўзбуджана амаль 100 крымінальных спраў за незаконны абарот наркотыкаў. У параўнанні з 2017-м паказчык знізіўся на 40 %. Пры гэтым, паводле інфармацыі МУС, сярод падлеткаў павялічылася доля злачынстваў за збыт наркотыкаў. Нагадаем, у Беларусі крымінальная адказнасць за незаконны абарот наркотыкаў настае з 14 гадоў.