КДБ афіцыйна заявіў сёння пра затрыманне начальніка транспартнай інспекцыі Мінтранса Леаніда Лемеша і яго намесніка Аляксея Куцаева.
На сайце паведамляецца, што яны пры садзейнічанні падначаленых паставілі на паток сістэму гандлю дазволамі на праезд цяжкагрузаў па тэрыторыі замежных дзяржаў. Кошт складаў ад 50 да 120 еўра за кожны ў залежнасці ад катэгорыі. Карупцыйная схема дзейнічала з 2015 года. Толькі за апошнія некалькі месяцаў зафіксавана 10 фактаў атрымання Куцаевым хабараў ад больш як 20 суб'ектаў гаспадарання. Ён быў затрыманы з доказамі злачынства пры атрыманні чарговай узнагароды. Пасля былі затрыманыя і астатнія ўдзельнікі карупцыйнай схемы. Сярод іх начальнікі гомельскага і гродзенскага філіялаў. Заведзена 10 крымінальных спраў паводле артыкулаў "Атрыманне хабару", "Дача хабару" і "Махлярства". Некаторыя з фігурантаў узятыя пад варту ў СІЗА КДБ. Матэрыялы перададзеныя для далейшага расследавання ў Следчы камітэт Беларусі.













