Затрымалі банду так званых калектараў

2 марта 2016

Банду так званых калектараў затрымалі байцы Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. У Слоніме затрыманы двое крымінальных аўтарытэтаў, якіх падазраюць у выбіванні даўгоў з мясцовых жыхароў. Так некалькі дзён таму зламыснікі, па заказе нейкага крэдытора, вывезлі аднаго са слонімскіх бізнесменаў у лес. Збіўшы пацярпелага, калектары прымусілі перапісаць на іх аўтамабіль "мерседэс", нібыта ў лік нявернутых заказчыку грошай. Інфармацыя аб незаконнай здзелцы трапіла ў рукі аператыўнікаў. Крыху пазней на адной з так званых стрэлак пры сілавой падтрымцы "Алмаза" калектары былі затрыманы. Адзін з іх меў дачыненне да хуліганства, учыненага ў канцы мінулага года ў адной з забаўных устаноў Слоніма. Тады мужчына з саўдзельнікам збіў наведвальнікаў.

Андрэй Ярошык, начальнік 9 упраўлення (па Гродзенскай вобласці) ГУБАЗіК МУС Беларусі: "Супрацоўнікамі УБАЗ на пастаяннай аснове праводзіцца маніторынг аператыўнай абстаноўкі ў рэгіёнах і выяўленне асоб, якія ініцыятыўна спрабуюць уплываць на крымінагенную сітуацыю, падтрымліваюць зладзейскую субкультуру, ажыццяўляюць дзеянні, накіраваныя на кансалідацыю раней судзімых асоб дзеля ўчынення злачынстваў. Калі раней адной з асноўных крыніц прыбыткаў гэтай катэгорыі асоб з'яўлялася вымаганне, то апошнім часам усё часцей мы дакументуем факты незаконнага выпатрабавання доўгу".

Сапраўды, артыкул крымінальнага кодэкса аб прымусе да выканання даўгавых абавязацельстваў апошнім часам усё часцей бачны ў зводках міліцыі. Шматлікія спрабуюць вярнуць свае кроўныя не законным спосабам - праз суд, напрыклад, а з дапамогай так званых калектараў. Аднак заказчыкі такіх паслуг забываюць, што таксама маюць адказнасць. Па справе слонімскіх калектараў у якасці фігурантаў могуць пайсці і самі крэдыторы.