За суткі ў Мінскай вобласці было зарэгістравана 6 пажараў

2 сентября 2015

Узгаранні адбыліся ў Барысаўскім, Нясвіжскім, Капыльскім, Крупскім і Мінскім раёнах і былі аператыўна ліквідаваны. У цэнтральным рэгіёне захоўваецца высокі клас пажарнай небяспекі,  ва ўзмоцненым рэжыме працуюць усе адпаведныя службы. Супрацоўнікі МНС і лясгасаў працягваюць кругласутачны маніторынг найбольш небяспечных участкаў лесу. Наталля Кузьміцкая прадоўжыць тэму.

 

Нягледзячы на надвор'е праца ў Сінчанскім лясніцтве вядзецца кругласутачна. З раніцы на дзяжурстве Павел Клепча. Памочнік ляснічага пакуль не адзначыў ніводнага задымлення. Дзякуючы відэасістэме ранняга выяўлення пажараў іх удаецца знайсці і ліквідаваць у самыя кароткія тэрміны.

Акрамя таго, у асабліва небяспечных месцах вядзецца наземны маніторынг. За кожным ляснічым замацаваны асобны ўчастак. Пешшу, на матацыкле ці машыне яны аб’язджаюць  тэрыторыю некалькі разоў на дзень.

На тэрыторыі ўсёй Мінскай вобласці захоўваецца высокі клас пажарнай небяспекі, таму ў лясах цэнтральнага рэгіёна працягвае дзейнічаць забарона на іх наведванне. Пра гэта сведчаць папераджальныя таблічкі і зачыненыя шлагбаумы.

Аднак нягледзячы на ўсе перашкоды ў лес часцяком наведваюцца ягаднікі і грыбнікі і ўносяць карэктывы ў працу па папярэджанні пажараў.

Дзякуючы ўсім прафілактычным работам у такіх складаных умовах надвор’я у вобласці з пачатку пажаранебяспечнага перыяду адбыліся толькі 4 вялікія пажары. 

Сёння вечарам прагназуецца дождж. Заўтра слупок тэрмометра апусціцца да 20 градусаў. Сітуацыя ў вобласці палепшыцца. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, пры спрыяльных умовах надвор’я развеіцца і смог, які пануе ў сталіцы і на некаторай частцы цэнтральнага рэгіёна ўжо амаль тыдзень.