За мінулыя суткі ўдары маланкі сталі прычынай сямі пажараў у Гродзенскай вобласці

5 сентября 2018

У Астраўцы загарэўся двухпавярховы дом. Агнём знішчаны дах і пашкоджаныя перакрыцці. І на хутары Бараніха Шчучынскага раёна загарэўся драўляны дом. У выніку пажару пашкоджаныя дах і маёмасць у доме. Факты ўзгарання гаспадарчых пабудоў зафіксаваныя таксама ў Воранаўскім, Бераставіцкім і Лідскім раёнах. Ад удару маланкі загарэўся 150-кілаграмовы рулон саломы на тэрыторыі прыватнага домаўласніцтва ў вёсцы Яцвезь Дзятлаўскага раёна. Ва ўсіх выпадках абышлося без пацярпелых.

Наталля Жывалеўская, афіцыйны прадстаўнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Беларусі: "Ратавальнікі ліквідавалі ўзгаранні і абаранялі ад агню побач размешчаныя будынкі. На шчасце, людзі не пацярпелі. Для абароны жыцця і маёмасці падчас навальніцы неабходна знаходзіцца далей ад высокіх дрэў. У доме зачыніць дзверы, вокны і комін. Гарантаваць бяспеку дзяцей і пажылых сваякоў, адключыць электрапрыборы".

Падчас навальніцы таксама назіраецца шквалістае ўзмацненне ветру. Ратавальнікі рэкамендуюць абыходзіць навясныя пабудовы, надламаныя галінкі, слаба замацаваныя канструкцыі. У выпадку ўзнікнення пагрозы жыцця звяртацца ў службу выратавання па тэлефонах 101 або 112.