Выбух на Магліёўдрэве. Па факце здарэння ўзбуджана крымінальная справа

26 сентября 2018

Мы працягваем сачыць за сітуацыяй на Магілёўдрэве. На прадпрыемстве напярэдадні адбыўся выбух. Сёння ў рэспубліканскі апёкавы цэнтр даставілі яшчэ дваіх пацярпелых. Усяго ў цяжкім стане - трое, ступень апёку ў аднаго з іх - 60%. На момант аварыі ў вытворчым памяшканні знаходзіліся 9 працаўнікоў, 6 пацярпелі. Узбуджана крымінальнач справа. Яе расследаванне на асабістым кантролі кіраўніка Следчага камітэта.

Уся апошняя інфармацыя ў Андрэя Ястрабава.

На месцы надзвычайнага здарэння дагэтуль працуе следчая група. Працягваюцца допыты сведак, у тым ліку службовых асоб Магілёўдрэва. Прызначаная пажарна-тэхнічная экспертыза нафтапрадуктаў, якія выкарыстоўваюцца на прадпрыемстве.

Напярэдадні ўвечары на прадпрыемстве "Магілёўдрэў" у фарбавальнай камеры мэблевага цэха адбыўся выбух. Аб яго сіле гавораць пашкоджаныя канструкцыі і абсталяванне. У момант здарэння ў памяшканні знаходзіліся 9 чалавек. Першую дапамогу ім аказвалі ратавальнікі і брыгада хуткай дапамогі. У дваіх пацярпелых - 40% апёкаў цела. Яшчэ ў адной жанчыны - амаль 60%. У тры гадзіны ночы яе першай адвезлі ў Мінск - у рэспубліканскі апёкавы цэнтр бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Двое пацярпелых перавезеныя ў сталіцу сёння на працягу дня. Яшчэ двое пацярпелых падчас выбуху былі шпіталяваныя ў Магілёўскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Пазней сюды звярнуўся яшчэ адзін працаўнік прадпрыемства. Іх здароўю, паводле інфармацыі ўрачоў, нічога не пагражае.

Следчыя і эксперты канфіскавалі тэхнічную дакументацыю прадпрыемства. Зараз галоўная задача - устанавіць прычыну выбуху на Магілёўдрэве. Старшыня Следчага камітэта ўзяў расследаванне пад асабісты кантроль.

Іван Наскевіч, старшыня Следчага камітэта Беларусі: "Па факце здарэння УСК па Магілёўскай вобласці ўзбуджана крымінальная справа па частцы другой артыкула 302 КК РБ - "Парушэнне вытворча-тэхнічнай дысцыпліны і мер бяспекі на выбуханебяспечнай вытворчасці, пацягнуўшыя цяжкія наступствы".

Была праведзеная аператыўная нарада са следчай групай, супрацоўнікамі МНС, камісіі па працы і кіраўніцтвам прадпрыемства. Па выніках першапачатковых следчых мерапрыемстваў будзе прынятае працэсуальнае рашэнне.