Вынесены прысуд экс-топ-менеджару Беларусьбанка Анатолю Багавіку

13 октября 2017

Кропку ў гучнай карупцыйнай справе паставілі сёння ў судзе Маскоўскага раёна сталіцы. Вынесены прысуд экс-топ-менеджару Беларусьбанка Анатолю Багавіку. Былога выканаўчага дырэктара абвінавачвалі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і ў атрыманні хабару. Згодна з версіяй СК, ад гендырэктара банкаўскага працэсінгавага цэнтра Генадзя Зубарава ён атрымаў 94 тысячы долараў. Гэта была ўзнагарода за дапамогу ў перамозе падкантрольнай Зубараву структуры ў тэндары на закупку банкаматаў для патрэб банка. Па сукупнасці злачынстваў дзяржабвінаваўца прасіў прызначыць пакаранне ў выглядзе 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці.

Наталля Касач, старшы памочнік пракурора г. Мінска: "Прыгаворам суда Маскоўскага раёна горада Мінска выканаўчаму дырэктару ААТ “АСБ Беларусбанк” Багавіку ў адпаведнасці з пазіцыяй дзяржаўнага абвінаваўцы, выказанай ім у судовых спрэчках, па сукупнасці злачынстваў, прадугледжаных часткай 3 артыкула 430 і часткай 2 артыкула 426 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прызначана пакаранне ў выглядзе 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 500 базавых велічынь з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і гаспадарчых абавязкаў на тэрмін 5 гадоў".

Адзначым, судовыя слуханні доўжыліся больш за месяц. А затрымалі Багавіка ў пачатку жніўня мінулага года. Незадоўга да гэтага быў затрыманы і Генадзь Зубараў.