Упершыню ў Беларусі вынесены вердыкт па нашумелай справе аб дамоўных матчах

12 октября 2017

Два асноўныя абвінавачаныя прыгавораны да 3 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, яшчэ адзін - да 2 гадоў абмежавання волі без накірвання ў выпраўленчую ўстанову. Астатнія атрымалі буйныя штрафы, максімальны - больш як 90 тысяч рублёў. Скандал у беларускім футболе разгарэўся летась. Некаторыя клубы апынуліся замяшаныя ў дамоўных матчах. Фігурантамі справы сталі 15 чалавек, у тым ліку дзеючыя гульцы каманд першай лігі і яшчэ два футбалісты, якія завяршылі кар'еру. Усе абвінавачаныя сёння прызнаныя вінаватымі па артыкуле "Подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартыўных спаборніцтваў". Падрабязнасці - у Юрыя Шаўчука.

Паколькі ніхто з фігурантаў справы не знаходзіўся пад вартай, на судовае пасяджэнне ўсе яны прыйшлі без суправаджэння канвою. У першых радах залы суда толькі абвінавачаныя - кожны з іх знайшоў сабе месца і дзве лавы апынуліся цалкам занятыя. Яно і не дзіўна, бо ўсяго па справе аб дамоўных матчах праходзіла 15 чалавек.

Усе падазроныя былі затрыманыя летась, калі беларускі футбол выдаў навіну, якая шакіравала ўсіх прыхільнікаў гульні №1. Шэраг матчаў быў згуляны па запланаваным сцэнарыі. Пісалі яго прама напярэдадні паядынку. На гэтай аператыўнай здымцы відаць, як трэнер ФК "Луч" дае каштоўныя ўказанні, але не сваім гульцам, а сапернікам. У іншых матчах апынуліся замяшаныя прадстаўнікі ФК “Баранавічы”, “Ашмяны”, “Гомельчыгунтранс”, “Іслачы” і “Граніту”.

Расследаванне гэтай крымінальнай справы зацягнулася больш як на год. Шмат у чым гэта было звязана з тым, што дамоўныя матчы апынуліся прэцэдэнтам не толькі ў спорце, але і юрыспрудэнцыі. У выніку пасля судовага працэсу, які доўжыўся больш як паўтара месяца, феміда вынесла свой вердыкт.

Усе фігуранты прызнаныя вінаватымі па артыкуле "Подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартыўных спаборніцтваў". Два асноўныя абвінавачаныя - экс-трэнер-адміністратар ФК "Луч" Юрый Сыраквашка і былы футбаліст Вячаслаў Замара прыгавораны да 3 гадоў абмежавання волі. Экс-трэнер футбольнага клуба "Іслач" Уладзімір Макоўскі да 2 гадоў абмежавання волі з адной абмоўкай - без накіравання ў выпраўленчую ўстанову. Астатнія абышліся буйнымі штрафамі, максімальны з якіх больш як 90 тысяч рублёў, яго прысудзілі былому баскетбалісту з Украіны Яраславу Леміку. Паводле версіі абвінавачання, ён разам з Сыраквашкам, Замарам і Макоўскім перадаваў грошы ад заказчыка выканаўцам.

Футбалістаў суд пакараў штрафамі на сумы ад 9 да 27 тысяч рублёў. Самы вялікі штраф атрымаў варатар "Ашмяны" Віталь Жалудок. Але для большасці гульцоў асноўным апынулася нават не пакаранне рублём. Многія з іх атрымалі чырвоную картку на 5 гадоў. І, як сёння нам расказаў у эксклюзіўным інтэрв'ю намеснік прадстаўніка Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Сафар’ян, гэта яшчэ не кропка.

У сваю чаргу як-небудзь пракаменціраваць прыгавор суда і свой учынак адмовіліся практычна ўсе абвінавачаныя. Пагутарыць з журналістамі пагадзіўся толькі экс-гулец "Іслачы" Аляксандр Лебедзеў.

Інфармацыя аб беларускіх дагаварніках ужо перададзена праваахоўнікам суседніх краін. Бо, як высветлілася, галоўныя арганізатары схемы кіравалі працэсам з Расіі і Украіны. Што ж датычыцца нашых футбалістаў, то яны выконвалі толькі ролю пешак. Менавіта таму частка гульцоў, якія таксама апынуліся замяшаныя ў скандале, атрымалі толькі жоўтую картку, гаворачы іншай мовай, папярэджанне.