Узбуджана крымінальная справа ў дачыненні гендырэктара прадпрыемства "Бярозабудматэрыялы"

2 марта 2015

Артыкул - "Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі". Устаноўлена, што на працягу двух гадоў  кіраўнік буйнога прадпрыемства выкарыстоўваў працу падпарадкаваных на ўласным участку, а таксама ў дапамогу сваякам.

Марына Дранькова, афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці: "Неаднаразова прыцягваў да выканання будаўнічых і гаспадарчых прац на яго ўчастку і ўчастках яго сваякоў розных працаўнікоў таварыства ў іх працоўны час з адрывам ад выканання непасрэдных абавязкаў. Канчатковую суму прычыненай матэрыяльнай шкоды ўстановяць падчас папярэдняга расследавання. На маёмасць падазронага агульным коштам больш як 2,5 млрд. беларускіх рублёў накладзены арышт".

Генеральны дырэктар вызвалены ад пасады. Калі яго віна будзе даказаная, то экс-кіраўнік можа правесці за кратамі ад 2 да 6 гадоў са штрафам або без. Следчыя вывучаюць усе падрабязнасці яго дзейнасці.