Вадзіцеля, які збіў маму з дзіцем у маі, прысудзілі да 7 гадоў пазбаўлення волі

21 ноября 2017

7 гадоў пазбаўлення волі ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Такі вердыкт вынес суд вадзіцелю, які збіў маму з дзіцем на вуліцы Солтыса ў маі. Жанчына загінула на месцы, а яе чатырохгадовую дачку атрымалася выратаваць. Акрамя таго, мужчыне трэба выплаціць маральную шкоду мужу загінуўшай - 30 000 рублёў і яшчэ 40 000 - дзіцяці. Паводле звестак следства, за руль мужчына сеў нецвярозым. Экспертыза паказала ў яго крыві паўтара праміле алкаголю. Не было ў шафёра і правоў.

Ігар Сеніў, дзяржаўны абвінаваўца: "Судом Партызанскага раёна разгледжана крымінальная справа па абвінавачанні Сокала Ігара Алегавіча ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Яму інкрымінаваўся шэраг парушэнняў ПДР. У прыватнасці, пункта 10.1, які забараняе кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення. Дапытаны ў судовым пасяджэнні Сокал сябе вінаватым прызнаў часткова, не прызнаў сябе вінаватым у шэрагу парушэнняў ПДР, у прыватнасці, наконт пункта 10.1 растлумачыў, што ў дзень ДТЗ спіртное не ўжываў".

Прысуд у законную сілу пакуль не ўвайшоў, і на яго абскарджанне ў бакоў ёсць 10 сутак. Блізкія асуджанага паведамілі, што будуць аспрэчваць рашэнне суда.