Замест вострых адчуванняў - пералом сцягна і страсення мазгоў

3 октября 2016

У Рэчыцкім раёне скачок з тарзанкай з вышыні 65 метраў ледзь не закончыўся трагедыяй. Маладая дзяўчына сарвалася і трапіла ў рэанімацыю. Зараз яе стан стабільны. Наперадзе доўгія месяцы лячэння і рэабілітацыі. Па факце няшчаснага выпадку міліцыя праводзіць праверку.

Пра цану адрэналіну - Вольга Халадовіч. Урачы гавораць, што такі выпадак у іх практыцы ўпершыню. А тое, што дзяўчына засталося жывая, інакш як цудам не назавеш. Скачок на тарзанцы з 65-метровай вышыні для 18-гадовай аматаркі экстрыму скончыўся пераломам сцягна і страсеннем мазгоў.

Пацярпелая аб сваёй жа бестурботнасці з нашай здымачнай групай гаварыць адмовілася. Зараз дзяўчына сцвярджае, што нічога не памятае.

А вось жыхары Васілевіч, менавіта тут і здарыўся фатальны скачок, сцвярджаюць, што недабудаваны крухмальны завод роўпджамперы аблюбавалі даўно. І прыязджаюць сюды практычна кожныя выхадныя.

Гэту тэрыторыю некалькі гадоў таму выкупіў замежны інвестар. Раней, гавораць мясцовыя жыхары, тут быў вартаўнік. А зараз без праблем можа прайсці любы.

Каб трапіць на верх гэтай вежы, роўпджамперы зрабілі драўляную лесвіцу. Ну а далей паднімаліся ўжо вось па гэтых жалезных клямарах. Відовішча не для слабанервных.

Аб'яў з прапановай заняцца роўпджампінгам у Інтэрнэце дзясяткі. Месцы прапануюць любыя, фота і відэа падаграюць цікавасць аматараў вострых адчуванняў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, пацярпелая дзяўчына разам з сябрамі месца для вольнага палёту выбірала таксама анлайн. Зараз усе акалічнасці высвятляюць праваахоўнікі.

Пасля таго як здарылася трагедыя, прапановы заваяваць яшчэ раз 65-метровую вышыню з Інтэрнэту зніклі. Супольнасці гомельскіх роўпджампераў, хутчэй за ўсё, вырашылі спусціцца з нябёсаў на зямлю. Ці надоўга - пакажа час.