Вясна падносіць не заўсёды прыемныя сюрпрызы

14 марта 2018

Вясна, якая ўсё больш настойліва ўступае ў свае законныя правы, падносіць не заўсёды прыемныя сюрпрызы. За адну ноч вёска Дамашэвічы Брэсцкай вобласці ператварылася ў Венецыю. Затапіла дарогу, падворкі, хлявы і нават дамы. Мясцовыя ўлады ўпэўніваюць: надзвычайнага здарэння няма. Зараз стыхія адступіла. У праблеме разбіралася Вікторыя Патоня.

Яшчэ ўчора двор Алены Амельянюк нагадваў Венецыю. Вада даходзіла да ганка, затапіла альтанку. Назіральная яма ў гаражы да гэтага часу нагадвае басейн. Каты і сабака залазілі куды вышэй. У суседзяў - тая ж гісторыя. Галіна Фалейчык бацькоўскую сядзібу выкарыстоўвае як дачу. Прымчалася па званку аднавяскоўцаў. Вада стаяла не толькі ў двары, але і прабралася ў дом. Зараз жанчына сушыць масніцы і падлічвае матэрыяльны ўрон.

Жыхары вёскі гавораць - вада прыбыла літаральна за адну ноч. Нават старажылы такога не памятаюць. Затопленымі апынуліся хлявы, скляпы з запасамі, падмыла фундаменты будынкаў. Зараз стыхія адступіла. Галоўнай прычынай спецыялісты лічаць рэзкае пацяпленне.

Асноўная крыніца бед - вось гэта поле, узровень якога вышэй за узровень участкаў людзей. Раставанне снягоў і тэмпературны плюс, як днём, так і ўначы справакавалі прыход вялікай вады на падворкі. Толькі за чатыры гадзіны служба МНС адпампавала больш як 200 кубоў талых вод.

Мясцовыя жыхары паступова прыходзяць у сябе. Але пакуль яшчэ баяцца піць ваду са студняў. Па дапамогу звярнуліся да спецыялістаў, каб праверыць яе бяспеку.

Толькі за суткі ў Баранавіцкім раёне са зваротамі аб падтапленнях двароў звярнуліся жыхары 11 вёсак. У Дамашэвічах са стыхіяй змагаліся даўжэй за ўсіх. Мясцовыя ўлады паабяцалі, каб надалей сітуацыя не паўтарылася, дарогу ўжо гэтай вясной адрамантуюць і пабудуюць сістэму, якая адводзіць ваду.

Талыя воды дайшлі і на падворкі жыхароў Палесся. У Століне помпавыя станцыі МНС працавалі круглыя суткі, каб адвесці стыхію з васьмі падворкаў. Пагрозы жыцця людзей няма, але сітуацыю трымаюць на кантролі. На Палессі ўзровень вады ў рэках таксама паднімаецца.

Пакуль менавіта лёд стрымлівае разводдзе рэк. Узровень вады ў Гомельскай вобласці павялічваецца па 12 сантыметраў за суткі. Ля прытокаў Прыпяці небяспечная адзнака ўжо перавышана. Таксама застаецца падтопленым водамі ракі Пціч участак аўтадарогі Лучыцы - Хвойня ў Петрыкаўскім раёне. Там глыбіня даходзіць да 50 сантыметраў.

Надвор'е для беларусаў рыхтуе чарговы сюрпрыз. Ужо ў гэтыя выхадныя пахаладае - чакаюцца снег і замаразкі. Але ўладальнікі падтопленых участкаў гэтаму факту нават радыя.