У будынак Белтэлерадыёкампаніі спрабаваў незаконна трапіць невядомы

28 октября 2016

Учора, 27 кастрычніка, у будынак Белтэлерадыёкампаніі па вул. Макаёнка, 9 спрабаваў незаконна трапіць невядомы малады чалавек.

Паколькі будынак медыяхолдынга з'яўляецца рэжымным аб'ектам, ён быў аператыўна затрыманы супрацоўнікамі Дэпартамента аховы МУС Беларусі, якія забяспечваюць яго ахову.

Паводле слоў самога парушальніка, дарэчы, жыхара аднаго з раённых цэнтраў Брэсцкай вобласці, ён з'яўляецца даўнім і адданым прыхільнікам адной з тэлевядучых Белтэлерадыёкампаніі. Аднак чаму разам з флаконам жаночых духоў у яго ў кішэні знаходзіўся нож, галантны кавалер растлумачыць не змог.

Затрыманы быў дастаўлены ў Першамайскае РУУС г. Мінска, дзе ў дачыненні да яго быў складзены адміністрацыйны пратакол.

Дарэчы, гэты інцыдэнт адбыўся напярэдадні прафесійнага свята супрацоўнікаў службы аховы МУС. Калектыў Белтэлерадыёкампаніі шчыра дзякуе ім за адказны і адданы падыход да сваёй справы.