У кар'еры каля гіпермаркета на вуліцы Гарэцкага за два дні патанулі два чалавекі

11 июня 2018

Надзвычайныя здарэнні ў сталіцы - у кар'еры каля гіпермаркета на вуліцы Гарэцкага за два дні патанулі два чалавекі. У выхадныя ратавальнікаў выклікаў адзін з адпачывальнікаў на беразе. Яны дасталі мужчыну з вады нежывым. А сёння днём на правым беразе кар'ера пачаў тануць мужчына, які рыбачыў з сябрамі. Яго дасталі з вады школьнікі. Медыкі, якія прыбылі на месца, правялі рэанімацыйныя мерапрыемствы, але рыбака выратаваць не ўдалося.

Спецыялісты Таварыства ратавання на водах заклікаюць да бяспечных паводзін і раяць выбіраць уладкаваныя пляжы. Усяго ў цэнтральным рэгіёне іх 108. Сёлета да 29 выратавальных станцый і пастоў дадаліся 2 - у Капыльскім і Нясвіжскім раёнах.

З пачатку года на вадаёмах Мінскай вобласці патанулі 14 чалавек - большасць у забароненых для купання месцах. І сёння стала вядома, што на некаторых пляжах Мінска абмежавана купанне дзяцей, у прыватнасці, на Заслаўскім вадасховішчы, Драздах, на Камсамольскім возеры. У той жа час купанне дарослых і заняткі ўсімі відамі воднага спорту дазволены.