У Віцебску затрыманыя фальшываманетчыкі

4 апреля 2016

З сапраўдных 5-доларавых купюр чацвёра мужчын рабілі фальшывыя 50-доларавыя. Збываць падробкі на тэрыторыі паўночнага рэгіёна зламыснікі пачалі яшчэ напрыканцы мінулага года. У асноўным папаліся людзі, якія куплялі долары не ў банках, а на вуліцы ў прыватных асоб. Як ім здавалася, па лепшым курсе. Навобмацак падробка нічым не адрознівалася ад сапраўдных грошай. А вось візуальна вызначыць фальшыўку можна было і простым вокам. Карцінка амерыканскага прэзідэнта заставалася з пяцідоларавай купюры, а прозвішча зламыснікі прадбачліва перапісвалі.

Аляксей Ігнаткоў, старшы оперупаўнаважаны другога аддзела кіравання па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Віцебскага аблвыканкама: "На адвароце ў вуглах - зменены намінал 50. А па баках - арыгінальны намінал fife або пяць. І зноў жа прапісаны літарамі зменены намінал".

Юлія Салоха, старшы следчы аддзела УСК Беларусі па Віцебскай вобласці: "Падчас папярэдняга расследавання ўстаноўлена, што грамадзяне збылі на тэрыторыі Віцебскай вобласці падробленыя грашовыя білеты на суму 1850 долараў ЗША, усяго 37 білетаў. Зараз папярэдняе расследаванне працягваецца. Высвятляюцца ўсе акалічнасці і правяраецца дачыненне да здзяйснення дадзенага злачынства іншых асоб".

Зараз мужчыны знаходзяцца пад вартай. Узбуджана крымінальная справа па артыкуле "Фальшываманецтва". Зламыснікам пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.