У Віцебску затрыманы лжэсвятар Георгій Крот

10 июля 2019

Праводзіў абрады за грошы, называў сябе святаром. У Віцебску затрыманы Георгій Крот, які пад выглядам архімандрыта Грузінскай праваслаўнай царквы збіраў грошы нібы на будаўніцтва храма. Пра тое, што на тэрыторыі Віцебскай вобласці працуе лжэсвятар, у мясцовай епархіі паведамілі яшчэ ўвесну. У асабістых матэрыяльных інтарэсах ён неаднаразова збіраў ахвяраванні на царкоўныя патрэбы, куплю рызы і за правядзенне абрадаў.

Вольга Шкуратава, афіцыйны прадстаўнік УУС Віцебскага аблвыканкама: "33-гадовы выхадзец Магілёўскай вобласці да 2012 года працаваў качагарам, пасля чаго перакваліфікаваўся ў святара. У якасці доказу прыналежнасці да праваслаўнага кліру ашуканец выкарыстаў падробленыя дакументы. Свядома ашукваючы вернікаў, ён меў на мэце асабістыя карыслівыя інтарэсы. Называючы сябе праваслаўным святаром, прапаноўваў зрабіць ахвяраванні на грузінскія манастыры".

Акрамя ашуканскіх дзеянняў, праваахоўнікі ўстанавілі яшчэ цэлы шэраг злачынстваў з боку затрыманага. Так, у дачыненні  да яго была заведзена крымінальная справа за крадзеж: Крот выкраў з арандаванай кватэры бытавую тэхніку, адзенне, абразы і царкоўныя кнігі. Акрамя таго, заведзена крымінальная справа за распаўсюджванне парнаграфіі.