У Віцебску вынесены прысуд у гучнай крымінальнай справе аб распаўсюджванні спайсаў

29 марта 2016

Прысуд аб'явілі апошняму ўдзельніку віртуальнай групы, якая прадавала курыльныя сумесі праз Інтэрнэт. Яны распрацавалі цэлую схему збыту псіхатропаў: зарэгістраваліся пад выдуманым імем і прымалі заказы анлайн. Грошы за тавар атрымлівалі на электронны кашалёк. За набыццё, захоўванне і збыт наркотыкаў групай асоб 20-гадовы жыхар абласнога цэнтра прысуджаны да 13 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Пакаранне малады чалавек будзе адбываць у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Сяргей Урбановіч, старшы памочнік пракурора г. Віцебска: "Першапачаткова, калі яго затрымалі (гэтага маладога чалавека), ён прызнаваў сябе вінаватым ва ўчыненні злачынства. Даваў тлумачэнні, цалкам распавядаў, якой схемай дзейнічаў інтэрнэт-магазін. Падчас папярэдняга следства і ўжо судовага пасяджэння змяніў свае сведчанні. І цалкам адмаўляў сваё дачыненне да ўчынення злачынства".

Прысуды астатнім удзельнікам групы вынеслі яшчэ летась. Злачынцы атрымалі ад дзесяці да трынаццаці з паловай гадоў пазбаўлення волі.