У Турцыі высвятляюць акалічнасці нападу на беларускага дыпламата

25 июля 2019

НЗ здарылася ў раёне Анкары, дзе размешчаныя дыппрадстаўніцтвы шматлікіх краін. Як адзначылі ў МЗС Беларусі, саветнік  пасольства нашай краіны атрымаў агнястрэльнае раненне,  калі вяртаўся дахаты з працы. Аляксандра Паганшава шпіталізавалі. Дзіця, якое было  з дыпламатам, не пацярпела.

Меўлют Чавушоглу, міністр замежных спраў Турцыі: "Дыпламат адразу ж быў адпраўлены ў бальніцу, і аперацыя прайшла ў вышэйшай ступені паспяхова. Зараз ён у рэанімацыі, але стан яго здавальняючы. Вядома, пры любой аперацыі магчымыя рызыкі, але, паводле звестак, атрыманых намі ад урачоў, на працягу сутак ён можа быць пераведзены  ў звычайную палату. Наш прэзідэнт Таіп Эрдаган, прадстаўнікі МЗС і МУС сочаць за развіццём сітуацыі. Я таксама правёў тэлефонныя перамовы з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем, перадаў яму ўсю  інфармацыю". 

Паводле  папярэдніх звестак, справа не мае палітычнай падаплёкі - сусед дыпламата, былы турэцкі вайсковец з расстройствам  псіхікі,  пачаў страляць падчас слоўнага канфлікту на бытавой глебе. Той, хто нападаў,  пакончыў з сабою.