У сталіцы і Мінскай вобласці за суткі здарылася больш за 100 аварый

14 ноября 2017

Галалёд, дождж, мокры снег. Зімовы характар надвор'я стаў сур'ёзным выпрабаваннем для аўтамабілістаў. У сталіцы і Мінскай вобласці за суткі здарылася больш як 100 аварый. Самыя распаўсюджаныя прычыны – мінімальная дыстанцыя і адсутнасць зімовай гумы.

Колькі сёння каштуе сумніўная эканомія на сезонны абутак для аўто і як падрыхтаваліся да самай халоднай пары года камунальныя службы? Ведае Аляксандр Харавец.

Аляксандр Дзёмін за рулём свайго велабайка круглы год. Адкрыў сезон яшчэ ў лютым і закрываць яго не збіраецца. Кажа, круціць педалі не замінае ні снег, ні галалёдзіца. Пры гэтым дабіраецца на працу значна хутчэй, чым на машыне. Галоўнае ў халодную пару для веласіпедыста – правільнае адзенне, а для двухколага – абутак. У арсенале - тры пары шын.

“Не менш небяспечна рухацца і на аўто па зімовых дарогах у летнім абутку”, - адзначаюць вадзіцелі.

“Зберагчы сваё жыццё, машыну і сямейны бюджэт дапаможа зімовая гума”, - упэўненыя спецыялісты. Зараз на станцыях тэхабслугоўвання ажыятажу няма. Многія замянілі шыны адразу, як толькі выпаў першы снег. Паводле слоў Мікалая Атрашкова, яшчэ тыдзень таму ён пераабуваў за змену не менш як 30 аўто, сёння – утрая менш.

Што ж тычыцца кошту на зімовы абутак для аўто, то ён вагаецца ад 90 да 300 рублёў за шыну. На многіх СТА прапаноўваюць і паслугу па захаванні гумы на зімовы сезон.

Згодна з правіламі, у нашай краіне ездзіць на зімовых шынах абавязкова з першага снежня па першага сакавіка. Пры гэтым рэшткавая вышыня пратэктара павінна перавышаць 4 міліметры. У іншым выпадку вадзіцеляў чакае штраф.

Зрэшты, пакуль у аўтааматараў яшчэ ёсць час.

Перад тым, як сесці за руль, спецыялісты раяць зрабіць некалькі невялікіх працэдур. Па-першае, агледзець колы і пераканацца, што ў шынах дастаткова ціску. Не лішнім будзе праверыць працу шклоачышчальнікаў і ўзровень шклоамывальнай вадкасці. Падчас руху руль лепш трымаць абедзвюма рукамі, а таксама павялічыць дыстанцыю да іншых машын.

І ўсё ж да змен надвор'я некаторыя вадзіцелі не падрыхтаваліся. Толькі за мінулыя суткі ў сталіцы і Мінскай вобласці здарылася больш за 100 аварый, у якіх траўмы атрымалі 6 чалавек. А вось дарожныя службы да снегападу гатовыя. Сёння мінскія вуліцы расчышчалі больш за паўтысячы адзінак спецтэхнікі і каля 8 соцень рабочых. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, такое няўстойлівае надвор'е захаваецца да канца тыдня.