У сталіцы і Мінскай вобласці ліквідуюць наступствы стыхіі

14 июля 2016

Учора ў выніку шквалістага ветру ўпалі 4 тысячы дрэў і пашкодзілі некалькі дзясяткаў машын. 26 чалавек звярнуліся па меддапамогу. Без святла і вады на некаторы час засталіся чатыры раёны Мінска. А на вуліцах часткова быў паралізаваны рух - лівень падтапіў 45 участкаў дарог. Цалкам прывесці горад у парадак улады плануюць да выхадных. Рэпартаж Аляксандра Хараўца.

Максім Рубанаў дагэтуль не можа адысці ад учарашняй непагадзі. Малады чалавек прызнаецца: уражанні ад «апакаліпсісу» трымалі да самай раніцы і не давалі заснуць. Сёння ён не можа без слёз глядзець на любімую базу адпачынку, ад якой літаральна нічога не засталося.

Без электрычнасці буран пакінуў больш за 160 населеных пунктаў вобласці. Парывы ветру і дрэвы, якія падалі, зламалі 5 высакавольтных апор. Зараз на ліквідацыі наступстваў працуюць каля 80 рамонтных брыгад. Даць святло спецыялісты абяцаюць да канца дня.

Стыхія нарабіла бяды і ў сталіцы. Больш за 4 тысячы паваленых дрэў, дзясяткі разбітых машын. Без даху над галавой засталіся жыхары 20-ці дамоў. А ў чатырох раёнах увогуле адсутнічала вада. Зараз падача пітной вады наладжаная.

Па медыцынскую дапамогу звярнуліся 26 жыхароў сталіцы. 5 з іх атрымалі сур'ёзныя траўмы і знаходзяцца ў рэанімацыі. Па словах медыкаў, пагрозы для жыцця людзей няма. Усяго на нумар 101 паступілі больш за дзве тысячы паведамленняў аб ліквідацыі наступстваў бурану.

Пакуль адны спецыялісты падлічваюць урон ад непагадзі, другія змагаюцца з яе наступствамі. Камунальныя службы да позняй ночы расчышчалі праезныя часткі ад дрэў, з самай раніцы ўзяліся і за пешаходныя зоны.

На дапамогу камунальным службам прыйшлі і звычайныя жыхары сталіцы. Вераніка Ераховіч і Аксана Грышына перачакалі стыхію на аўтобусным прыпынку і бачылі, як падаюць дрэвы. Сёння з шасці раніцы прыбіраюць паламаныя дрэвы.

Цалкам прывесці горад у парадак камунальныя службы абяцаюць да выхадных. Зрэшты, сіноптыкі па-ранейшаму прагназуюць дажджы з навальніцамі і парывістым ветрам. Так што далёка хаваць парасоны, бензапілы і сякеры пакуль не прыходзіцца.