У Столінскім раёне на ліквідацыю пажару кінуты дзясяткі адзінак тэхнікі і больш за 100 чалавек

24 апреля 2019

У Столінскім раёне гарыць лес і сухая трава. Агнём ахоплены 200 гектараў багністай мясцовасці.

Паведамленне, што каля вёскі Альманы  пачаўся пажар прыроднага характару,  паступіла ў МНС напярэдадні. Для ліквідацыі ўзгарання задзейнічаныя  ратавальнікі,  лясгасы Палескага, Пінскага і Лунінецкага раёнаў. Два Мі-8 авіяцыі МНС ужо зрабілі 42 скідванні вады. Таксама на месцы працуюць больш за  100 чалавек, арганізаваны падвоз вады для запраўкі ўсюдыходаў, аўтаразлівачных станцый і ранцавых вогнетушыцеляў. Сёння раніцай адбылося пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Столінскім выканкаме. Вядзецца авіяцыйны маніторынг становішча. 

Віталь Навіцкі, афіцыйны прадстаўнік МНС Беларусі: "У цэлым становішча застаецца пад кантролем. Вядома, перыядычна ўзнікаюць узгаранні, перш за ўсё гэта пажары травы і кустоў. Аднак дзякуючы іх своечасоваму выяўленню іх удаецца ліквідаваць практычна ў пачатковай стадыі".

Работы ўскладнены тым, што за 13 кіламетраў знаходзіцца найбліжэйшы вадаём і, вядома, тут неацэнная і вельмі неабходная дапамога авіяцыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Нягледзячы на тое, што пагрозы людзям няма, вельмі вялікая адлегласць да найбліжэйшага населенага пункта, вядома, усе імкнуцца прадухіліць экалагічны ўрон, які, вядома, можа быць значны ў выпадку некантралюемага распаўсюджвання гэтага агню".

Усяго  з пачатку года ў краіне адбылося больш за  180 узгаранняў лесу. У палове выпадкаў - у Брэсцкім рэгіёне. Найбольш частая прычына пажару - спальванне сухой расліннасці і смецця. Хуткаму распаўсюджванню агню спрыяе сухое надвор'е і моцны вецер. Паводле інфармацыі Міністэрства лясной гаспадаркі, толькі ў Брэсцкай вобласці зараз тры трансгранічныя пажары.

Валянцін Шатраўка, першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Беларусі: "Варта адзначыць, што ўсе вось гэтыя пажары, якія мы тушым на тэрыторыі Палескага лясгаса, гэта трангранічныя пажары, якія прыйшлі да нас з Украіны. І ўчора адбылося пасяджэнне камісіі па НЗ Лунінецкага раёна, якое вынесла рашэнне аб узмацненні групоўкі, што знаходзіцца на мяжы, у тым ліку і падраздзяленнямі МНС, каб паспрабаваць спыніць гэты пажар".

Сёння ў лясах Беларусі ўсталяваны 3 клас пажаранебяспечнасці. У асобных рэгіёнах ён даходзіць да 4-га. Леснікі ўжо ўвялі забарону на наведванне лесу ў Стаўбцоўскім і Старадарожскім раёнах.