У Шклоўскім раёне зарэгістраваны выпадак вандалізму

11 ноября 2015

У Шклоўскім раёне зарэгістраваны выпадак вандалізму і апаганення гісторыка-культурнай спадчыны. На святым месцы ў вёсцы Рыжкавічы, дзе калісьці знаходзілася вядомая на ўвесь свет царква святога Пятра і Паўла, ускапаныя курганы. Пашкоджаны падмурак храма. Праваахоўнікі правяраюць, хто мог гэта зрабіць. Наша здымачная група таксама выехала на месца надзвычайнага здарэння. Рэпартаж Андрэя Ястрабава.

Вёска Рыжкавічы пад Шкловам. Месца, дзе знаходзілася, бадай, самая старажытная царква ў раёне - храм святога Пятра і Паўла. Ад былой велічнасці зараз засталіся толькі курганы. Доўгі час яны пад тоўстым пластом глебы захоўвалі рарытэты Сярэднявечча.

Увагу да гэтага месца прыцягнуў чарговы выпадак, паводле слоў гісторыкаў, не інакш як вандалізму. Невядомыя разварушылі верхні культурны пласт глебы. Пад адкрытым небам аказаліся рэшткі былой Петрапаўлаўскай царквы.

Адбітая цэгла падмурка храма і шматлікія кавалкі абліцоўкі. Усё, што дзесяцігоддзямі захоўвала зямля, зараз знішчае вільгаць і вецер. А тут, як кажуць краязнаўцы, кожная, нават самая маленькая частка былога будынка - каштоўнасць.

Каб разабрацца, хто займаўся недазволенымі работамі на гэтай тэрыторыі, спецыялісты выехалі на месца раскопак. Згодна з папярэдняй інфармацыяй, тут праводзіліся інжынерна-геадэзічныя работы. Але ці быў для гэтага атрыманы дазвол, невядома.

Вадзім Рагавой, намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама: "Раённы выканаўчы камітэт звярнуўся ў праваахоўныя органы з просьбай правесці адпаведную праверку. І даць прававую ацэнку дзеянням тых людзей, якія ўчынілі гэты акт".

Ігар Марзалюк, загадчык кафедры Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова: "Толькі Міністэрства культуры супольна з Нацыянальнай акадэміяй навук можа даваць дазволы на правядзенне любых работ на аб'екце. Па-другое, у абавязковым парадку той, хто робіць гэтыя работы на аб'екце, павінен захоўваць у адпаведнасці з Адміністрацыйным і Крымінальным кодэксам беларускім гісторыка-культурныя каштоўнасці ў непашкоджаным стане. Вы бачыце, што білі не то ломам, не то рыдлёўкай".

Такое стаўленне да гістарычнай каштоўнасці, кажуць краязнаўцы, толькі вандалізмам і можна назваць. Дарэчы, у наступным годзе спецыялісты самі планавалі правесці раскопкі і стварыць на месцы былога храма музей. Паводле паданняў, менавіта ў Петрапаўлаўскай царкве захоўваўся сапраўдны абраз "Спатоль мой смутак", спісы якога пасля разляцеліся па храмах усяго свету.

Ларыса Сілівестрава, дырэктар Шклоўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея: "Яны стаяць у плане. Тут на гэтым месцы плануецца музеефікацыя, стварэнне музея пад адкрытым небам. Мы даведаемся яшчэ больш пра гэтую гісторыю. Вы ведаеце, навукоўцы берагуць гэтыя месцы. Яны проста так не ўваткнуць у зямлю рыдлёўку, яны баяцца гэта крануць".

Каб папярэдзіць далейшае разбурэнне курганоў, тут усталююць таблічкі з назвамі аб'ектаў гісторыка-культурнага прызначэння. І напамінам, што ўсе яны знаходзяцца пад аховай дзяржавы.