У Пухавіцкім раёне на пажары пацярпелі два чалавекі. У Мінску тушыць пажар дапамаглі супрацоўнікі ДАІ

11 мая 2020
Жылы дом і гаспадарчая пабудова гарэлі адкрытым полымем у вёсцы Сяргеевічы. Калі на месца здарэння прыбылі ратавальнікі, дах дома абваліўся. Яны аператыўна лакалізавалі і ліквідавалі ўзгаранне. Гаспадары імкнуліся самастойна патушыць агонь, пацярпелі і дастаўлены ў бальніцу. Адна з верагодных версій узнікнення пажару - парушэнне правіл эксплуатацыі электраабсталявання.

У Мінску тушыць пажар дапамаглі супрацоўнікі ДАІ

Экіпаж увечары кантраляваў дарожны рух па вуліцы Перадавой. І падчас аб'езду тэрыторыі, уздоўж дома заўважыў слуп дыму і полымя за агароджай. На момант узгарання ў доме нікога не было. Міліцыянеры тэрмінова выклікалі ратавальнікаў і пачалі самастойна тушыць узгаранне. Дапамог вогнетушыцель службовага аўтамабіля і палівачны шланг гаспадароў дома. Ратавальнікі затым ліквідавалі пажар і ацанілі зладжаныя дзеянні аўтаінспектараў.