У Полацкім раёне працягваюцца пошукі мужчыны, які абрабаваў аддзяленне Беларусбанка ў Фарынаве

2 марта 2017

У Полацкім раёне працягваюцца пошукі невядомага мужчыны, які напярэдадні ўчыніў разбойны напад на аддзяленне Беларусбанка ў пасёлку Фарынава. Пагражаючы электрашокерам, ён забраў у касіра ключы ад сейфа і вынес больш чым 10 тысяч рублёў. Вольга Маслоўская пабывала на месцы здарэння.

Гэтая навіна ўзрушыла невялікі пасёлак. Абрабаваны банк. Касір звязаная, а з сейфа зніклі дзесяць з паловай тысяч рублёў. Вінаватага шукаюць. Злачынства адбылося ў першы дзень вясны ў 13 гадзін 15 хвілін. У гэты час супрацоўнік банка (тады працавала 26-гадовая касір) звычайна ідзе на абед.

Раскрыць справу па гарачых слядах не атрымалася. І гэта нягледзячы на тое што па трывозе быў падняты ўвесь асабісты склад Полацкага РАУС.

Месца злачынства дбайна агледзелі крыміналісты. Сляды абутку злачынца, сляды пальчатак, звязкі ключоў ад дзвярэй і сейфаў і галоўны доказ - відэа з камер назірання. Зараз яго кадр за кадрам вывучаюць спецыялісты. Злачынец быў апрануты ў цёмна-сіні пухавік з устаўкамі блакітнага колеру на капюшоне і рукавах, на галаве чорная падоўжаная шапка, абутак шэрага колеру.

Пасля нападу медыцынская дапамога касіру не спатрэбілася, але на працу яна пакуль не выйшла. Для следства супрацоўніца банка - галоўная сведка.

Зараз аддзяленне банка зачынена. Яно знаходзіцца ў будынку Дома культуры. Асобны ўваход, а за дзвярамі, гавораць мясцовыя жыхары, цёмны калідор. І нікога, хто мог бы ў выпадку небяспекі прыйсці работніку банка на дапамогу.

Зламысніку пагражае ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі. А калі адновіць працу аддзяленне банка ў Фарынаве, пакуль невядома.