У смеццевым баку знайшлі нованароджанага

21 Верасня 2016

Шакавальнае здарэнне ў пасёлку Мачулішчы Мінскага раёна. У смеццевым баку знайшлі нованароджанага. Па падазрэнні ў замаху на забойства затрымана 28-гадовая дзяўчына. Як заявілі ў Следчым камітэце, немаўля яна нарадзіла напярэдадні ў сябе ў кватэры, а потым выкінула яго ў смеццеправод з 7 паверха. Але дзіця выжыла, дзяўчынка - у рэанімацыі з множнымі ранамі і гематомамі.

Таццяна Беланог, афіцыйны прадстаўнік УСК Беларусі па Мінскай вобласці: "У рамках крымінальнай справы выконваецца комплекс следчых дзеянняў, накіраваных на высвятленне ўсіх акалічнасцяў, высвятляюцца матывы злачынства, дапытваюцца сваякі падазронай".

Маці дзіцяці затрыманая. Яна таксама ў рэанімацыі. У адносінах да жанчыны прызначаны шэраг экспертыз, якія пральюць святло на гэты жах. Як паведамілі ў Следчым камітэце, на ўліку падазроная не стаяла і ўтойвала сваю цяжарнасць.