У Магілёве прадухілена абрабаванне банка. Злачынца абясшкоджаны

20 ноября 2017

Інцыдэнт адбыўся сёння днём. Рабаўнік узяў у заложнікі пяць чалавек, пасля чаго запатрабаваў даць яму аўтамабіль. Пад выглядам супрацоўніка службы бяспекі банка перамовы са злачынцам вёў першы намеснік Упраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Васільеў. На аўто злачынец праехаў усяго 200 метраў і быў спынены байцамі АМАПа. Зламыснік аказаў супраціўленне і адкрыў агонь на паражэнне. У адказ супрацоўнікі спецпадраздзялення былі вымушаны прымяніць зброю. Злачынец быў паранены ў нагу і затрыманы. Іншых пацярпелых падчас спецаперацый няма. Зараз рабаўнік знаходзіцца ў бальніцы, у дачыненні да яго ўзбуджана крымінальная справа.

У яго канфіскавалі больш за 7 тысяч рублёў, 150 долараў, цвёрды дыск. Як мяркуецца, усё гэта мужчына вынес з банка. Да гэтага моманту ўсталявана асоба злачынца. Гэта грамадзянін Расійскай Федэрацыі, ураджэнец Магадана. У верасні атрымаў пасведчанне на права жыхарства ў Беларусі. Дома ў затрыманага зараз праходзіць вобыск.

З першых хвілін спецаперацыі яе падрабязнасці ведаў Кіраўнік дзяржавы. Ён адобрыў яе правядзенне. Пазней Прэзідэнту далажылі пра паспяховае затрыманне рабаўніка. Кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне аб прадстаўленні ўсіх байцоў, якія ўдзельнічалі ў затрыманні, да дзяржаўных узнагарод.